Як арганізаваць бяспеку ў інтэрнэце для сябе і дзіцяці?

Нікога ўжо даўно не здзіўляе, што трохгадовыя дзеці самастойна глядзяць мульцікі на YоuTubе, а людзі ва ўзросце ўпэўнена перапісваюцца ў сацсетках. Пры гэтым многія карыстальнікі не маюць дастатковай інфармацыі аб небяспецы ў інтэрнэце, у іх не сфарміраваны навыкі анлайн-культуры. Вынікі даследаванняў за мінулы год, праведзеных спецыялістамі «Лабараторыі Касперскага», сведчаць аб тым, што палова беларускіх дзяцей, якія карыстаюцца інтэрнэтам, атрымлівалі запрашэнне сябраваць ад незнаёмых людзей у сацыяльных сетках.

Дети и Интернет

Нашы тыповыя памылкі

Спецыялісты прааналізавалі асноўныя праблемы, з якімі нашы карыстальнікі сутыкнуліся за апошні год. Лакальнымі пагрозамі (тымі, што распаўсюджваюцца праз флэшкі, здымныя цвёрдыя дыскі і г. д.) былі атакаваны 51 % беларускіх карыстальнікаў. Колькасць людзей, якія сутыкнуліся з нападамі ў інтэрнэце, склала 42 %.

Аказваецца, беларусы і самі не вельмі асцярожныя ў пытаннях бяспекі. 11 % апытаных прызналіся, што перадавалі логін і пароль для ўваходу ў працоўны акаўнт калегам, якія не з'яўляюцца прадстаўнікамі службы тэхнічнай падтрымкі, 25 % спампоўвалі за апошні год патрэбныя для працы праграмы з неафіцыйных рэсурсаў, а 6 % выкарыстоўвалі карпаратыўны паштовы адрас, каб зарэгістравацца на сайтах для вырашэння пытанняў, не звязаных з працай.

– З пункту гледжання інфармацыйнай бяспекі сёння найбольш «слабым звяном» застаецца сам чалавек, – адзначае прадстаўнік «Лабараторыі Касперскага» ў Беларусі Дзмітрый Кудрэвіч. – Часта зламыснікам нават нічога не трэба ўзламваць, яны звяртаюцца да старой, як свет, сацыяльнай інжынерыі – у выніку людзі самі выдаюць ім усе патрэбныя даныя.

Спецыяліст упэўнены, што ў бліжэйшыя гады ландшафт пагроз будзе мяняцца, і рызыкі для карыстальнікаў будуць яшчэ большымі. Кібермахляры пастаянна асвойваюць новыя платформы і вынаходзяць новыя тактыкі.

Мой любімы гаджэт...

Дзеці і падлеткі – вельмі актыўныя карыстальнікі сеткі. Так, паводле даных апытання, у 57 % беларускіх дзяцей ва ўзросце 7–9 гадоў ужо ёсць уласны смартфон або планшэт. У 15–18-гадовых лічба дасягае 97 %. 23 % дзяцей ва ўзросце 7–18 гадоў праводзяць з гаджэтам амаль увесь вольны час, пры гэтым 30 % бацькоў прызналіся, што ніяк не кантралююць і не абмяжоўваюць працягласць выкарыстання дзіцем розных прылад.

43 % дзяцей ва ўзросце 7–18 гадоў атрымлівалі запрашэнні сябраваць ад незнаёмых людзей. У 12 % выпадкаў ім прыходзілі прапановы сябраваць ад незнаёмых дарослых.

– Па даных ананімнага апытання, сярод 170 тысяч падлеткаў з дзясяткаў краін свету больш за трэць расказалі, што падвяргаліся цкаванню ў інтэрнэце, – адзначае старшы каардынатар па абароне дзяцінства прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Шылін. – Без належнага кантролю інтэрнэт можа стаць крыніцай розных пагроз. Важна інфармаваць дзяцей і іх бацькоў аб небяспецы ў лічбавай прасторы і прывіваць ім навыкі правільнага карыстання інтэрнэт-інструментамі. Пры разумным падыходзе інтэрнэт спрыяе развіццю дзіцяці, дапамагае яму вучыцца і мець нармальныя адносіны з аднагодкамі.

Парады ад экспертаў

  • Не пераходзьце па сумнеўных спасылках з лістоў, паведамленняў у месенджары або SMS. 
  • Рэгулярна ўстанаўлівайце абнаўленні для аперацыйнай сістэмы і дадаткаў. 
  • Выкарыстоўвайце складаныя і розныя паролі для ўсіх акаўнтаў. 
  • Спампоўвайце дадаткі толькі з афіцыйных крам. 
  • Дапамажыце дзіцяці асвоіцца ў інтэрнэце. 
  • Завядзіце разам з ім акаўнт у сацыяльнай сетцы, пошце, гульнявым сэрвісе. 
  • Пакажыце, што ён можа атрымаць, праводзячы час у анлайне. 
  • Раскажыце аб анлайн-пагрозах, растлумачце элементарныя правілы анлайн-бяспекі.

Дзіця павінна ведаць пра такія непрыемныя рэчы, як, напрыклад, кібербулінг. Важна данесці да дзіцяці, што яно не вінаватае, калі яго сталі цкаваць у інтэрнэце. Растлумачце, як дзейнічаць у такой сітуацыі: не адказваць на цкаванне. Ігнараванне – самы верны спосаб звесці з’яву на нішто.

Дамоўцеся аб асноўных правілах паводзінаў. Напрыклад, не карыстацца гаджэтам падчас абеду, гуляць у анлайн-гульні толькі 1-2 гадзіны ў дзень, не сядзець у тэлефоне пасля 22.00. Лепш, калі гэтыя правілы будуць выконваць усе члены сям’і, бо дзеці шмат у чым арыентуюцца на дарослых.

Наталля Талівінская, «Звязда», 6 лютага 2020 г.

Опубликовано:
6 февраля 2020
Просмотров:
572
Категория:
Поделиться в соцсетях: