У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі праграм, накіраваных на падтрымку сям’і і дзяцей, а таксама ініцыятывам, якія садзейнічаюць гарманічнаму развіццю дзяцей. Як фінансавыя меры дзяржаўнай падтрымкі, льготы і сацыяльныя выплаты садзейнічаюць выхаванню дзяцей, а таксама пра ўзаемадзеянне грамадскіх арганізацый з дзяржаўнымі ўстановамі распавялі спецыялісты.
Дапамогі, льготы, сацпаслугі
— Сістэма дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе дапамог істотная, дакладна выбудаваная. Сёння няма жанчыны, якая б не была ёй ахоплена. Памер дзяржаўнай дапамогі не залежыць ад статусу маці: працуе яна, з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, ці самазанятай, ці хатняй гаспадыняй. Дапамога па доглядзе дзіцяці не залежыць ад выплаты страхавых узносаў у ФСАН, — расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама Вольга Васілеўская.
На прыкладзе сям’і, якая ўжо выхоўвае дваіх дзяцей і чакае з’яўленне трэцяга, спецыяліст пералічыла шэраг выплат і льгот, на якія можна прэтэндаваць. Жанчына, якая чакае дзіця, з 30-га тыдня цяжарнасці мае права на дапамогу па цяжарнасці і родах, што прызначаецца і выплачваецца аднаразова. Бальнічны адкрываецца з 30-га тыдня цяжарнасці на 126 каляндарных дзён (у выпадку ўскладненых родаў ці нараджэння дваіх і больш дзяцей — на 140 каляндарных дзён). Маці можа знаходзіцца ў водпуску па доглядзе да дасягнення дзіцяці трох гадоў.
Не так даўно з’явілася магчымасць у тат узяць у такі важны для сям’і перыяд аплачаны водпуск на 14 каляндарных дзён. Яшчэ адна працоўная гарантыя: калі ў жанчыны заканчваецца кантракт, наймальнік павінен яго прадоўжыць да спаўнення дзіцяці пяці гадоў. Калі жанчына стала на ўлік ва ўстанову аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці і выконвала рэкамендацыі ўрача, то пры нараджэнні дзіцяці ёй будзе выплачана яшчэ адна дапамога ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму — на сёння гэта 437,8 рубля.
Калі ў сям’і з’яўляецца трэцяе дзіця, аднаразовая дапамога ў сувязі з яго нараджэннем складзе 14 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БПМ) — 6129 рублёў (калі першае дзіця — 10 БПМ, або 4378 рублёў). Адразу маці прызначаецца дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Яе памеры залежаць ад сярэдняй заработнай платы работнікаў па краіне і ад колькасці дзяцей у сям’і. На другое і трэцяе дзіця дапамога складае 40% ад сярэдняй заработнай платы, сёння гэта амаль 889 рублёў. Пры гэтым калі ў сям’і выхоўваюцца яшчэ дзеці, на кожнае выплачваецца дапамога.
З нараджэннем трэцяга дзіцяці шматдзетная сям’я можа звяртацца ў органы сацыяльнай абароны па прызначэнне сямейнага капіталу. Акрамя таго, сям’я мае права на дзяржаўныя сацыяльныя льготы, устаноўленыя для шматдзетных сем’яў. Гэта і падатковыя вылічэнні, і магчымасць для працоўных бацькоў сумяшчаць работу і выхаванне дзяцей у выглядзе аднаго свабоднага дня ў тыдзень, і працоўныя гарантыі па прадаўжэнні кантрактаў і па атрыманні водпускаў у зручны для сям’і час.
Акрамя таго, шматдзетная сям’я мае права на паляпшэнне жыллёвых умоў. Пры захаванні адпаведных норм заканадаўства яна становіцца на ўлік і, згодна з дзейным заканадаўствам, цягам года накіроўваецца на будаўніцтва. Пры гэтым дзейнічаюць праграма выдзялення безнаяўных жыллёвых субсідый і праграма льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля.
Для сем’яў, дзе адначасова нарадзілася двое ці трое дзетак, даецца аднаразовая выплата ў памеры двух БПМ на кожнае дзіця. Дадаткова ў Мінску па рашэнні Мінскага гарадскога савета дэпутатаў пры нараджэнні тройні штомесяц выплачваецца БПМ на кожнае дзіця да дасягнення імі трох гадоў. Акрамя таго, сем’і, у якіх нарадзіліся двайняты або трайняты, маюць права на бясплатнае харчаванне для дзяцей першых двух гадоў жыцця. Таксама такое права маюць сем’і з дзецьмі, дзе даход меншы за крытэрый патрэбы. Гэтыя сем’і могуць прэтэндаваць і на атрыманне дзяржаўнай адраснай дапамогі.
Сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, двайнят або трайнят, маюць права на паслугі нянькі — 20 ці 40 гадзін на тыдзень у залежнасці ад катэгорыі сям’і.
— Мы, вывучаем сітуацыю ў кожнай сям’і, якая знаходзіцца ў нас на ўліку, каб маці, якая не ведае пра нейкія меры сацыяльнай падтрымкі, магла пра іх даведацца і рэалізаваць свае правы. Найперш гэта сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў: улічваючы загружанасць такіх маці, яны не заўсёды маюць час сачыць за зменамі ў заканадаўстве, — адзначыла Вольга Васілеўская.
Камфортныя ўмовы
Беларусь знаходзіцца на 25-м месцы ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін, а таксама ўваходзіць у лік 50 найлепшых краін па вядзенні цяжарнасці і родаў кваліфікаваным медыцынскім персаналам, расказала намеснік дырэктара па педыятрыі РНПЦ «Маці і дзіця» Алена УЛЕЗКА. У краіне 100% родаў прымаюцца кваліфікаваным медперсаналам ва ўстановах аховы здароўя.
— Не абмяркоўваюцца пытанні родаў дома, дзе жанчыны маюць істотныя рызыкі. Мы прапагандуем толькі такі спосаб, і ён нашым насельніцтвам падтрымліваецца, — падкрэсліла медык.
Усе жанчыны забяспечаны дародавай і пасляродавай дапамогай. У прыватнасці, праводзіцца скрынінг дародавых парокаў плода, які праходзіць 97% цяжарных, пры гэтым штогод выяўляецца 1200–1300 парокаў развіцця. У такім выпадку ёсць магчымасць скарэкціраваць іх дзякуючы так званай фетальнай хірургіі.
Вядзецца службай аховы мацярынства і дзяцінства і работа па перадабортным кансультаванні ў супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой. З пачатку года дзякуючы гэтаму ўдалося захаваць больш за тры тысячы цяжарнасцяў. Істотна знізілася колькасць абортаў сярод падлеткаў — амаль на 40%.
Працягвае дзейнічаць праграма, якая дае магчымасць адной бясплатнай спробы ЭКА. Яе выніковасць — 45%, і гэта супастаўляльны з агульнаеўрапейскім паказчык.
Развіваецца праграма сямейна-арыентаванага аказання дапамогі. Яна пачынаецца ад нараджэння — з бальніцы, добразычлівай дзіцяці. Іх у краіне 31, і колькасць будзе павялічвацца.
— Тут важная прапаганда груднога кармлення, і ўсе маці на яго сарыентаваны. З самага першага дня дзіця знаходзіцца разам з маці — гэта ўжо сямейная арыентацыя і магчымасць у далейшым стварыць асаблівае кантактаванне з дзіцем, — патлумачыла Алена Улезка.
Існуе цэлая сістэма дапамогі дзецям. Гэта і 42 цэнтры ранняга ўмяшання, куды могуць звярнуцца бацькі, калі ёсць нават нязначныя праблемы. Штогод у цэнтрах аказваюць дапамогу 12 тысячам сем’яў. Гэта дае магчымасць папярэдзіць захворванне ці аблегчыць жыццё дзіцяці-інваліда.
Наладжана і катамністычнае назіранне — новая форма аказання дапамогі неданошаным дзецям. Такія малыя маюць шэраг праблем, і ім патрабуецца шматгадовае назіранне рознымі спецыялістамі.
Пашыраецца сетка мадэльных цэнтраў па навучанні бацькоў асновам бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей, дзе расказваюць, як зрабіць бяспечнай прастору вакол дзіцяці, каб яно не нашкодзіла сабе: не праглынула батарэйку, не атрымала апёк, не ўпала з вышыні. Пашыраецца работа цэнтраў, сяброўскіх падлеткам, іх на сёння 58, і амаль 200 тысяч маладых людзей удзельнічаюць у мерапрыемствах гэтых устаноў.
З высакароднай місіяй
Грамадскія арганізацыі, у прыватнасці Беларускі саюз жанчын, праводзяць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку маладых людзей і папулярызацыю сямейных каштоўнасцяў.
— Гэта сусветныя тэндэнцыі, і іх наша моладзь часам пачынае трансліраваць: позняе ўступленне ў шлюб, позняе нараджэнне дзяцей, прыярытэт аднаму дзіцяці, негатоўнасць у прынцыпе нараджаць дзяцей, аднаполыя шлюбы. Беларускі саюз жанчын лічыць сваёй місіяй трансляцыю традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і нараджэнне дзяцей у поўных сем’ях, — адзначае член праўлення і намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын», намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Іна САЛДАЦЕНКА.
У рамках акцыі «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі» сумесна з медыцынскімі спецыялістамі БСЖ праводзіць у жаночых калектывах сустрэчы па рознай тэматыцы, напрыклад, па ранняй дыягностыцы злаякасных новаўтварэнняў. Падчас такіх сустрэч праводзяцца і скрынінгавыя мерапрыемствы.— Напярэдадні Дня бацькі БСЖ дэбютаваў з акцыяй «Татам быць крута» на базе Акадэміі МУС. Цікавасць маецца да такіх акцый, і мы плануем іх працягваць, — дадала Іна Салдаценка.
Пра важнасць сямейных каштоўнасцяў паразважаў і настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага горада Мінска, старшыня Сінадальнага аддзела па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Павел СЯРДЗЮК.
— Падчас свайго служэння я сустракаюся з суджэнцамі, якія спынілі свае шлюбныя адносіны. Акрамя грамадзянскага шлюбу ў іх быў шлюб царкоўны — таінства вянчання. І я заўважыў такую татальную тэндэнцыю, якая мяне трывожыць: негатоўнасць увогуле ўступаць у дыялог са сваім былым мужам. Як правіла, так разлютаваны жанчыны. Прысутнічае крыўда на мужчын, нават калі ёсць агульныя дзеці.
Неадрэфлексаванасць, непрапрацаванасць не дазваляюць рухацца далей, бо мы можам завяршыць штосьці, толькі прымірыўшыся. А гэта прабачэнне, і яго трэба прасіць у таго чалавека, з якім мы будавалі сямейны дом, хоць ён і не атрымаўся.
А прабачэнне — гэта блаславенне, і яно — адна з асноў шчаслівага шлюбу і сям’і.
Протаіерэй звярнуў увагу, што згодна з апытаннямі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, сярод асноўных каштоўнасцяў беларусы называюць мір, дабрабыт і сям’ю. І нярэдка чалавек усё роўна ўступае ў паўторны шлюб, жадаючы паўтарыць тую мадэль, якая не атрымалася.
— Чаму так? На гэта ў царквы ёсць адказ: сужэнства мае райскае ўкараненне, райскае паходжанне. І мы імкнёмся папоўніць сябе ў іншым чалавеку, таму ў сям’і вельмі важныя блаславенне, удзячнасць, адкрытасць на дзяцей, — рэзюмаваў айцец Павел.
