Як прывучыць дзіця чытаць

Што можа прапанаваць дзецям сучасная кніга? Як прывучыць да чытання, калі ўсю ўвагу новага пакалення прыцягваюць модныя дэвайсы? Адказаць на гэтыя пытанні паспрабавалі падчас круглага стала «Кніга vs. гаджат: хто пераможа?», які прайшоў у прэс-цэнтры «АіФ».

Кнігі

Сучасная літаратура для дзяцей і падлеткаў – гэта не толькі традыцыйныя гісторыі пра Тома Соера і Пітэра Пэна. Як расказала кіраўнік праекта «Сундучок дзіцячых кніг» Таццяна Славінская-Пузырэвіч, дзіцячыя кнігі становяцца больш сучаснымі, складанымі і глыбокімі:

– Гадоў 6–7 назад адбыўся бум канцэптуальнай, непапсовай дзіцячай літаратуры. Цяпер дзеці гэтага буму сталі падлеткамі, ёсць запыт на якасныя падлеткавыя кнігі. У дзіцячай літаратуры мы перасталі баяцца праблемных тэм. Раней нельга было нават уявіць, што кніжкі будуць дапамагаць дзецям справіцца з разводам бацькоў, хваробай ці смерцю блізкага чалавека. А сёння «Вафельнае сэрца» Марыі Пар, «Калі мы сустрэнемся» Рэбэкі Стэд, «Мой дзядуля быў вішняй» Анджэлы Нанэці – ледзь не класіка для шасцігадовых.

Кнігі, якія патрабуюць такога ўважлівага і ўдумлівага чытання, лягчэй успрымаюцца на папяровай старонцы, чым на экране.

Яшчэ адна прычына, па якой чытачы выбіраюць паперу, – прыгожыя ілюстрацыі. Сёння мастак у выдавецтве – персона не менш важная за аўтара кніг. З гэтым пагадзілася ілюстратар і пісьменнік Надзя Бука, якая прэзентавала вокладку сваёй другой кнігі пра ўжо знакамітую дзяўчынку Басю – «Бася і чароўны свет». Надзя расказала пра тое, як ілюстрацыя можа зрабіць выданне больш інтэрактыўным. Напрыклад, яна сама, ілюструючы кнігу іншага аўтара, у кожным малюнку схавала невялікага хамячка, пра якога не было ні слова ў тэксце. Дзецям так спадабалася шукаць яго па ўсёй кнізе, што аўтар усур’ёз задумаўся напісаць пра хамячка асобную кнігу. Дзякуючы добраму афармленню, папяровыя кнігі хочацца набыць і трымаць у дамашняй бібліятэцы. Таму пра перамогу электроннай кнігі над папяровай гаварыць не даводзіцца.

Іншая праблема – гульні і прылады ў мабільных тэлефонах, на планшэтах, камп’ютарах.

– Нават калі 14-гадоваму падлетку прапанаваць адкласці свой дэвайс і сесці за прыгожую і цікавую кнігу, ён не пераключыцца на чытанне, – сцвярджае Наталля Масюкевіч, дзіцячы псіхолаг, кіраўнік гарадскога цэнтра псіхолага-педагагічнай дапамогі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. – Калі бацькі хочуць забраць дэвайс, узнімаецца вялікая колькасць праблем: што яны гатовы прапанаваць узамен падлетку, у якога ў дзяцінстве не сфарміравалі патрэбу чытаць, не навучылі працаваць з закладзенымі ў кнігах сэнсамі?

Таму ў змаганні гаджэтаў і кніг на першы план выходзіць выхаванне чытацкай культуры ў сям’і. Сёння вялікі выбар дзіцячых выданняў, якія могуць зацікавіць дзіця не проста цікавай гісторыяй, а формай. Першая кніга можа быць цацкай, прадметам, які хочацца патрымаць у руках, пакуль мама ці тата чытае.

Антон і Святлана Дземчанкі, бацькі, якія адкрылі сваю кніжную краму – «Букварыум», паказалі шмат інтэрактыўных кніг, у якіх можна рухаць ілюстрацыі, адварочваць іх, каб прачытаць схаваны тэкст, можна дакранацца пальцамі да старонак, якія імітуюць скуру ці мех намаляваных на іх жывёл. Апошні трэнд – кнігі з мабільнымі дадаткамі, пабудаванымі на тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. З гэтых першых крокаў пачынаецца цікавасць і павага да кнігі.

Галоўнае – своечасова перайсці на больш стрыманыя ў афармленні, больш тэкставыя выданні, каб дзіця цаніла кнігу ўжо не як цацку, а як цікавы сусвет.

Наталля Мядзведь, кіраўнік праекта «ЗаЧытанне», падзялілася сваім вопытам арганізацыі літаратурных сустрэч для самых маленькіх. Яны значна адрозніваюцца ад таго, што прывыклі бачыць бацькі на занятках для дзіцячага развіцця: дзецям не прапануюць шмат гульняў для пераключэння ўвагі, наадварот, цалкам канцэнтруюць яе на змесце тэкстаў.

– У 3 гады кніжная культура можа быць ужо цалкам сфарміраваная. Для гэтага дзіцяці трэба свая бібліятэка і звычкі працаваць з ёй – асаблівы час для чытання з бацькамі ці нейкія іншыя кніжныя «рытуалы», – зрабіла выснову Наталля.

Можна сказаць, што папулярнае бацькоўскае пытанне «Як адарваць дзяцей ад тэлефонаў і зацікавіць кнігай?» падчас круглага стала трансфармавалася ў зусім іншае. Трэба гаварыць не пра наступствы, а пра прычыну – недастатковую работу саміх бацькоў, якім прасцей даць дзіцяці гаджэт, чым доўга чытаць уголас. Калі ж прывучыць дзіця да кнігі раней, чым яно возьме ў рукі першы смартфон, то знайсці баланс паміж кнігай і дэвайсам будзе прасцей, а праблем на ўроках літаратуры – значна менш.

Мар’я ЯНКОВІЧ, «Настаўніцкая газета»
(фота аўтара
)

Опубликовано:
5 февраля 2019
Просмотров:
875
Категория:
Поделиться в соцсетях: