Як у Беларусі шукаюць зніклых падлеткаў?

Кожны з нас хоць раз, але бачыў на прыпынках ці дошках аб'яў арыенціроўкі. Як правіла, там змешчаны фота, асаблівыя прыкметы і пэўная інфармацыя пра тых, хто знік без вестак, – прыкладны ўзрост, калі апошні раз выходзіў на сувязь, у што быў апрануты і гэтак далей... Але як часта знікаюць непаўналетнія ў нашай краіне? Пра гэта «Звязда» распытала старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах аддзела арганізацыі вышуковай работы галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі Сяргея Куляшова.

Сяргей Куляшоў

Прыблізна дзясятая частка зніклых людзей – гэта непаўналетнія. Часта сітуацыя разгортваецца па наступным сцэнарыі. Малы ідзе дадому са школы, заходзіць да сябра. Трубку не здымае – бацькі думаюць, што з ім нешта здарылася. А ўвечары малы з'яўляецца на парозе кватэры як нічога ніякага.

– У «паслужным спісе» некаторых падлеткаў – безліч сыходаў. Вось, напрыклад, у Салігорску была аб'яўлена ў вышук дзяўчына 2002 года нараджэння. Праз некалькі дзён прыйшло паведамленне аб тым, што яна знаходзіцца ў невялікім гарадку Рудня, што месціцца... у Смаленскай вобласці Расіі. Як вам такі «гамбіт»? У кастрычніку яе прывезлі адтуль назад у Салігорск. Дзяўчына пераначавала і... на наступны дзень зноў знікла. Маці дзяўчыны пазбаўлена бацькоўскіх правоў, сама непаўналетняя прызнана сіратой. Яна знаходзіцца на папячэнні ў адным з ліцэяў.

Зусім нядаўна ў Чашніках шукалі 14-гадовую дзяўчыну. Была інфармацыя, што яна збегла з дома разам са сваім маладым чалавекам, грамадзянінам Расіі. Пасля аказалася, што юная Джульета разам з Рамэа жылі ў закінутым прыватным доме ў адной з вёсак Бранскай вобласці. Знайшлі іх дзякуючы пільнасці мясцовых жыхароў.

– За год стабільна бываюць два–тры выпадкі, калі мы аб'яўляем у вышук дзяцей, якіх вывозяць бацькі за мяжу. Тут хочацца прыгадаць інцыдэнт, які адбыўся зноў жа ў Салігорску. Бацькі развяліся, суд пры гэтым вызначыў, што дзяўчынка будзе жыць з маці. Да таго яна жыла з татам. Калі суд вынес такое рашэнне, то бацька з дачкой паехалі за мяжу адпачываць. А маці падала заяву пра тое, што знікла дзіця. Хоць калі дарослы не пазбаўлены бацькоўскіх правоў, то дэ-факта гэта адносіны грамадзянскія, а не крымінальныя. Аднак цікава, што сёлета мы знайшлі чатырох расіян, якія былі не згодныя з рашэннем суда датычна таго, з кім пакінуць дзіця пасля разводу, але абскарджваць вынесены прысуд не сталі, а проста прыехалі з сынам або дачкой у Беларусь.

Валяр'ян Шкленнік, «Звязда», 27 лістапада 2019 г.

Опубликовано:
27 ноября 2019
Просмотров:
535
Категория:
Поделиться в соцсетях: