Як усынавіць дзіця ў Беларусі і якія дакументы для гэтага патрэбныя

Сёння ў Беларусі 6426 дзяцей (2867 дзяўчынак і 3599 хлопчыкаў) маюць патрэбу ва ўладкаванні ў сям'ю. Звесткі пра такіх малых унесены ў базу Рэспубліканскага банка даных аб усынаўленні (удачарэнні) дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. А ўсімі пытаннямі адносна ўсынаўлення, а таксама рэгулявання і ўдасканалення заканадаўства ў гэтай сферы займаецца Нацыянальны цэнтр усынаўлення Міністэрства адукацыі. Аднак нельга проста прыйсці ў цэнтр і выбраць сабе дзіця «па гусце». Каб у сям'і адбылося папаўненне, трэба прайсці пэўны шлях. З чаго ён складаецца, нашаму карэспандэнту дапамагала разбірацца намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

Родители

Усынаўленне – гэта назаўжды

Беларусь – даволі кампактная па памерах краіна, у якой няма значных адрозненняў па ладзе ці ўмовах жыцця паміж грамадзянамі ў розных рэгіёнах, таму ўсынавіць дзіця можна ў сям'ю ў любым мястэчку. Нейкія этнічныя, моўныя, рэлігійныя, культурныя асаблівасці малога пры гэтым не будуць ушчэмлены, паколькі ў любым рэгіёне краіны створаны паўнавартасныя ўмовы для развіцця дзетак і іх доступу да адукацыі, медыцыны, культурных каштоўнасцяў, мяркуе спецыяліст.

У нашай краіне існуе шмат варыянтаў уладкавання ў сям'ю. 88 % малых, якія маюць патрэбу ў гэтым, выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем'ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу (аднак гэта часовая форма ўладкавання ў сям'ю). Менавіта ўсынаўленне і ўдачарэнне патрэбна дзецям найперш, паколькі гэта пастаянная форма ўладкавання, гэта назаўжды.

У інтэрнатах засталося не так шмат дзяцей – у асноўным гэта падлеткі, якія ўжо мелі негатыўны вопыт выхавання ў сем'ях. Патранатнае выхаванне (калі малых з інтэрнатаў часова – на святы ці канікулы – забіраюць да сябе патэнцыйныя ўсынавіцелі) як яшчэ адна часовая форма ўладкавання ў сям'ю дае магчымасць дзецям і дарослым прывыкнуць адзін да аднаго і з часам стаць сям'ёй афіцыйна, заўважыла прадстаўніца Мінадукацыі:

– Часовая форма ўладкавання часта становіцца падрыхтоўкай да ўсынаўлення. Апекуны падчас стасункаў з малым прымаюць рашэнне, што яны гатовы яго ўсынавіць. І калі дзеці прыходзяць у гэтую сям'ю ў новым статусе, яны ўжо знаёмыя з ладам жыцця, іншымі малымі ў гэтай сям'і, суседзямі і наваколлем. Такая форма, як правіла, паказвае найлепшыя вынікі пры ўсынаўленні, бо ўсе ўжо падрыхтаваны да гэтага кроку.

У дзяцей – багаж, у бацькоў – рэсурс

Большасць дзетак, якім патрэбна сям'я, старэйшыя за дзесяць гадоў. 10 % малых – яшчэ не адзначылі дзесяцігоддзе, а немаўлят – не больш за 30. Такія лічбы прыводзяцца ў цэнтры ўсынаўлення, дзе вядуць таксама ўлік кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Статыстыку ахвотных усынавіць дзіця вядуць яшчэ і аддзелы адукацыі ўпраўленняў па адукацыі на месцах, якія выконваюць функцыі органаў апекі і папячыцельства.

– Перш чым трапіць на ўлік і стаць кандыдатам ва ўсынавіцелі, ахвотныя быць бацькамі для дзяцей-сірот праходзяць навучанне і атрымліваюць дазвол на гэта ад органа апекі. Калі такія людзі прыходзяць у цэнтр, у іх, як правіла, ужо ёсць дакументы, якія пацвярджаюць іх магчымасць быць усынавіцелямі ці ўдачарыцелямі, – расказала Алена Сімакова. – Яны праходзяць у тым ліку і псіхалагічнае тэсціраванне. Высвятляем, што кіруе іх жаданнем усынавіць дзіця. Здараецца, што выхавальнікі дамоў дзіцячага тыпу ці прыёмныя бацькі з часам самі ўсынаўляюць падапечных.

Прычыны для ўсынаўлення могуць быць самыя розныя. У кагосьці няма сваіх дзетак. Хтосьці гатовы выхоўваць не толькі біялагічных, але і іншых малых, бо дазваляюць магчымасці і ёсць такое жаданне. Для некага важна даць сям'ю і бацькоўскі клопат менавіта дзецям-сіротам. Здараецца, што сям'я хоча праз усынаўленне суцішыць боль ад страты ўласнага дзіцяці, і ў гэтым выпадку павінен прайсці час, пакуль матывацыя патэнцыйных бацькоў будзе адпавядаць інтарэсам дзіцяці. Кожную заяву кандыдатаў на ўсынаўленне ўсебакова разглядаюць на этапе падрыхтоўкі, каб тыя самі зразумелі, гатовыя яны да ўсынаўлення або варта пачакаць, удакладніла спецыяліст:

– Крызісы ў сям'і неабавязкова звязаны з дзецьмі. Праблемы могуць быць і паміж сужэнцамі. І псіхолаг раіць ім утрымацца ад усынаўлення, калі бачыць пэўныя праблемы ў сям'і. Рэагаваць на гэта бурна і востра кандыдатам не варта, бо сістэма працуе шмат гадоў і дзейнічае ў інтарэсах дзіцяці, а не дзеля таго, каб некаму нашкодзіць. Малы прыходзіць у сям'ю са сваім багажом, і ўсынавіцелям трэба знаходзіцца на такой стадыі развіцця, каб быць упэўненымі, што яны з гэтым справяцца. Ім неабходна мець рэсурс, быць гібкімі, каб правільна рэагаваць на ўзроставыя крызісы, хваробы, асаблівасці характару.

Усынавіцелем можа стаць не толькі сямейная пара, але і адзінокая жанчына ці мужчына. Галоўнае, каб даход чалавека дазваляў забяспечыць сябе і дзіця, а не стала так, што з прыходам малога такая няпоўная сям'я ператварылася ў малазабяспечаную. Разглядаецца таксама стан здароўя і жылля заяўніка-адзіночкі. Кандыдат павінен мець пастаяннае жыллё, а не здымнае. У яго могуць папрасіць даведку-характарыстыку з месца работы. Калі не было ўласных дзяцей, правядуць дыягностыку кандыдата, ці свядома ён падыходзіць да рашэння стаць усынавіцелем. Калі ў біяграфіі чалавека раней былі факты пазбаўлення бацькоўскіх правоў, асуджанасці па крымінальных справах супраць чалавека, знаходжанне на ўліку ў пэўных установах, то нават думаць пра ўсынаўленне не варта. Калі ж матывы, даход, жыллё і здароўе дазваляюць выгадаваць дзіця, то ўсынавіцелем можна стаць і не знаходзячыся ў шлюбе.

Жаданні і магчымасці

Пра магчымасць усынаўлення ў краіне ведае бадай кожны. Рэспубліканскі інтэрнэт-партал http://dadomu.by/, дзе можна прачытаць пра дзетак і паглядзець відэаролікі, штогод наведвае каля 300 тысяч чалавек.

– Сям'я ўсынавіцеляў – тыя, хто гатовы прыняць малога, чакаюць яго, разумеюць адказнасць, гатовыя даць сямейны клопат і выгадаваць. Пры ўсынаўленні дзіця атрымлівае новыя дакументы, імя бацькоў, прэтэндуе на іх спадчыну. Таму важна, каб бацькі разумелі, што дзіця застанецца з імі ўжо на ўсё жыццё, на ўсіх яго этапах, – падкрэсліла Алена Сімакова. – Попыт на немаўлят, які пэўны час назіраўся ў краіне, апошнім часам удалося паменшыць. Дарослыя разумеюць, што чым меншае дзіця, тым вышэйшая рызыка нейкіх хвароб, якія ў яго пакуль не выявілі. Чым старэйшае дзіця, тым лепш яно абследавана, і бацькі ўжо могуць больш дакладна ацэньваць, ці справяцца з парушэннямі ў развіцці, калі тыя ўзнікнуць. Да таго ж, усё больш усынавіцеляў гатовы прымаць у сям'ю дзяцей-інвалідаў. Летась усынавілі, напрыклад, 31 такое дзіця, за дзевяць месяцаў сёлета – 13 малых з інваліднасцю. А ўсяго за гэты год усынавілі ўжо 333 дзіцяці (11 з іх – немаўляты).

Акрамя таго, цяпер дзетак усё часцей усынаўляюць не з інтэрнатаў, а з прыёмных і замяшчальных сем'яў, выхавальнікі якіх таксама будуць даваць згоду на ўсынаўленне, ацэньваць здольнасць кандыдатаў знайсці падыход да дзіцяці. І да гэтага таксама трэба быць маральна гатовым.

Усынавіцелі па-рознаму падыходзяць да захавання звестак пра ўсынаўленне. Хтосьці расказвае пра гэта дзіцяці адразу, калі ўпэўніваецца, што малое гатовае ўспрыняць такую інфармацыю. Нехта ўсімі сіламі – да апошняга – ахоўвае гэтую таямніцу. Аднак псіхолагі раяць не ўтойваць такія звесткі, бо калі дзіця даведаецца, што не роднае па крыві, ад некага збоку, то рэакцыя можа быць вельмі негатыўнай для ўсёй сям'і, аж да таго, што яно запатрабуе адмены ўсынаўлення. Тым больш што некаторыя, хоць, здавалася, і маленькія зусім былі, але памятаюць сваё папярэдняе жыццё, патлумачыла Алена Сімакова:

– Ёсць выпадкі, калі таямніцу ўсынаўлення захоўваць нельга. У прыватнасці, калі вы ўсынавілі адно дзіця, а ў яго ёсць родныя браты ці сёстры, будзеце абавязаны з часам інфармаваць забранае вамі дзіця пра іх наяўнасць, каб не згубіліся біялагічныя карані. А вось ахоўваць таямніцу ўсынаўлення ад навакольных ці не – цалкам ваша права. Калі малому спаўняецца 18 гадоў, адмяніць яго ўсынаўленне ўжо проста нельга. Аднак паўналетні можа вярнуцца ў сваю біялагічную сям'ю. Пры гэтым ён можа быць нашчадкам і ва ўсынавіцеляў, і ў кроўных бацькоў.

З пункту гледжання дзяржаўнай падтрымкі ўсынаўленне прыраўноўваецца да форм уладкавання ў апякунскія і прыёмныя сем'і, а таксама дамы сямейнага тыпу. Усынавіцелі могуць штомесяц атрымліваць выплаты на дзяцей, пакуль ім не споўніцца 16 гадоў. Да шасці гадоў – 347 рублёў, ад шасці да 16 – 371 рубель. Пры жаданні атрымліваць выплаты ўсынавіцелям трэба звярнуцца ў адпаведны орган апекі. На працягу паўгода з моманту ўсынаўлення для бацькоў прадугледжаны неаплачваны водпуск на 90 каляндарных дзён (калі ён спатрэбіцца) для лепшай адаптацыі дзіцяці ў сям'і і ўладкавання розных «папяровых» пытанняў са школай, садком і іншых.

Опубликовано:
10 ноября 2022
Просмотров:
25159
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: