Як вучыцца дзецям – разам ці асобна?

Настаўнікі (асабліва са стажам) часта «перасякаюцца» са сваімі былымі вучнямі, і мяне асабіста найбольш радуюць сустрэчы з тымі, хто ўжо вызначыў сваё месца ў жыцці, хто ўпэўнена ідзе па абраным шляху, гадуе дзяцей, думае пра іх лёс... «Мы з жонкай вырашылі адправіць свайго сына ў прыватную гімназію, – прызнаўся надоечы адзін з маіх вучняў. – Там цяпер і ўзровень выкладання вышэйшы, і адносіны да дзяцей лепшыя». Мы абмеркавалі гэтую тэму, я прывёў свае довады і потым яшчэ доўга думаў: адкуль у людзей такія перакананні? Можа, з-за асобных педагогаў, якія ў дзяржаўных установах адукацыі несумленна выконваюць свае абавязкі? Ці ад чагосьці яшчэ?

Вучоба

Давайце ўспомнім школу часоў Савецкага Саюза. Тады дзеці аднаго ўзросту, як правіла, займаліся ў адным класе. Калі нехта з вучняў адставаў ад сваіх аднакласнікаў, атрымліваў дрэнныя адзнакі, не спраўляўся з праграмай, яго маглі пакінуць на другі, а то і на трэці год. За тры гады любы вучань, хай не вельмі добра, але вучэбны матэрыял засвойваў. Пасля васьмі-дзевяці класаў ён атрымліваў пасведчанне аб базавай адукацыі і мог вучыцца далей альбо пайсці працаваць.

Што адбываецца цяпер, пры 10-бальнай сістэме ацэнкі ведаў? Вучняў на другі год амаль не пакідаюць. Але ці правільна гэта, ці ўсе дзеці засвойваюць вучэбны матэрыял?

Да нядаўняга часу ў гімназіях нашай краіны вучні пасля чацвёртага класа павінны былі здаваць экзамены, каб перайсці ў сярэдняе звяно. Калі нехта «правальваўся», ішоў у пяты клас іншай школы. Такім чынам, у гімназіі заставаліся толькі моцныя вучні.

Цяпер такія экзамены адменены. Добра гэта ці дрэнна? Нядаўна давялося пачуць, як пра гэта спрачаліся жанчыны. Адны казалі, што цяпер нарэшце не будзе падзелу на «разумных» і «дурных» і ў гімназіі змогуць займацца ўсе ахвотныя дзеці, незалежна ад іх паспяховасці. Другія былі катэгарычна супраць: яны не хацелі, каб у адным класе з іх дзецьмі займаліся слабыя вучні, якія запавольваюць адукацыйны працэс. Хто ж з іх мае рацыю?

Ну вядома ж, у кожным класе ёсць лепшыя вучні, якія па паспяховасці апярэджваюць сваіх аднагодкаў. На ўроку настаўніку даводзіцца даваць ім больш складаныя заданні, каб яны ішлі наперад і развіваліся, а самому больш займацца з іншымі, бо яны таксама павінны засвоіць неабходны матэрыял...

Я працую настаўнікам 4 класа. У ім дзевяць вучняў. Трое з іх займаюцца па праграме аддзяленняў дапаможнай школы – вучацца ў асобным інтэграваным класе і прысутнічаюць толькі на некаторых нашых уроках, такіх, напрыклад, як фізкультура і здароўе, маляванне, музыка і г. д. Я як класны кіраўнік не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час на агульных мерапрыемствах стараюся аб'яднаць і згуртаваць сваіх вучняў, каб ніхто з іх не адчуваў сябе аддзеленым ад асноўнага класа, стараюся зрабіць усё магчымае, каб такі падзел не быў для дзіцяці балючы.

Цяпер вялікая ўвага аддаецца ўзроўню разумовых здольнасцяў. Ужо на пачатковай ступені спецыяльныя камісіі вызначаюць, можа дзіця навучацца ў асноўным класе ці яму больш падыдзе спецыяльная праграма. Пры пэўнай колькасці такіх вучняў фарміруюцца нават цэлыя класы, у якіх павінны працаваць настаўнікі-дэфектолагі.

Трэба сказаць, што апошняе слова тут застаецца за бацькамі. Толькі ім вырашаць, вучыцца іх дзіцяці ў такім вось класе ці не. Мы, педагогі, а таксама адміністрацыя школы стараемся пераканаць бацькоў у неабходнасці дадзенай формы навучання для іх дзяцей. Бо рэдкі настаўнік захоча, каб у яго класе займаўся слабы вучань, які не будзе ў вучобе паспяваць за сваімі аднагодкамі. Ды і для адміністрацыі школы фарміраванне такіх асобных класаў – гэта дадатковыя працоўныя месцы. Але ж у першую чаргу мы павінны працаваць для дзяцей і рабіць так, каб лепш было ім.

Такім вучням адразу пасля школы давядзецца ісці вучыцца далей, а некаторым пры жаданні ўладкоўвацца на працу. Праўда, не ўсе з іх змогуць працаваць там, дзе захочуць, бо не ў кожнай арганізацыі возьмуць на работу чалавека з такім вось «асаблівым» пасведчаннем аб заканчэнні школы. А таму, на мой погляд, нам у гэтым кірунку трэба многае перагледзець.

Анатоль Аскірка, г. Быхаў, «Звязда», 19 чэрвеня 2019 г.

Опубликовано:
19 июня 2019
Просмотров:
726
Категория:
Поделиться в соцсетях: