Як з «калякі-малякі» выгадаваць «каліграфіста»?

Незлічоныя пропісі і размалёўкі, якія прадаюцца ледзьве не на кожным рагу і закліканы дапамагчы дашкольніку падрыхтаваць руку да пісьма, справа, безумоўна, добрая. Але ж адных толькі дапаможнікаў недастаткова, каб дзіця навучылася прыгожа пісаць. Малыя цудоўна абводзяць элементы літар па пункціры, аднак уласныя «палачкі» і «кручочкі» атрымліваюцца надзіва няроўныя, з няправільным нахілам, рознай вышыні і шырыні. Чаму так адбываецца, і што рабіць, раіць Таццяна Кулашчык, настаўнік-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

 Няправільная пастаноўка рукі, або «курыная лапа»   Правільная пастаноўка кісці
 Няправільная пастаноўка рукі, або «курыная лапа»   Правільная пастаноўка кісці

Перш за ўсё, трэба звярнуць увагу на тое, як малы трымае ручку. Часта дзеці захопліваюць яе чатырма пальцамі – гэткай «курынай лапай». Калі малыя загінаюць кісць рукі ўнутр, гэта не толькі абцяжарвае сам працэс напісання, але і робіць літары або роўнымі, або з нахілам у адваротны бок. Нагадаю, што правільна напісаныя літары злёгку нахіляюцца да правага верхняга куточка радка. Рука, якая «вісіць у паветры» замест таго, каб ляжаць на стале, таксама хутка стамляецца і піша непрыгожыя літары. Калі вы бачыце ў свайго малога ўсе гэтыя памылкі, то колькі б ён ні выводзіў пропісі, каліграфічныя ўменні ў яго значна не палепшацца.

Каб прыгожа пісаць ручкай, трэба правільна есці лыжкай

Пачынаць рыхтаваць руку да пісьма трэба не з пропісяў у чатыры-пяць гадоў, а значна раней, і з... лыжкі. Так, карані праблемы пачынаюць прарастаць з моманту, калі дзіця толькі вучыцца трымаць сталовыя прыборы, яшчэ да года. І першы важны крок: навучыць дзіця ўтрымліваць лыжку правільна. Калі малы да трох гадоў утрымлівае лыжку ў кулаку, – гэта першы крок да прапедэўтычных мерапрыемстваў. Прапедэўтыка ў адукацыі – уводны курс, які дазваляе коратка азнаёміцца з асноўнымі паняццямі, прынцыпамі і падыходамі, якія ў далейшым будуць засвойвацца больш глыбока і сістэматычна. Так і тут. Неабходна прывучаць дзіця захопліваць, набіраць кашу, суп і, не разліўшы іх, даносіць да рота. Далей па праграме дзіцячага садка малых вучаць карыстацца відэльцам і нават нажом. Гэта садзейнічае ўсведамленню розных відаў захопу, развівае зрокавую маторыку і зрокава-маторную каардынацыю.

Другі крок: умець правільна размалёўваць прадметы. Падчас выканання заданняў па мастацкай дзейнасці важна, каб рука малога правільна ўтрымлівала фламастар, аловак, крэйду і ляжала на лісце паперы, а не «вісела ў паветры». Самым маленькім можна прапанаваць маляваць «клубочкі» і «траўку», праводзіць прамыя і косыя лініі, якія аб'ядноўваюць прадметы на розных адлегласцях.

Важна вучыць дзіця ўтрымліваць кісць рукі прама і выконваць ім гэткія «косыя махі». Падчас замалёўвання дзіця наносіць кароткія і доўгія лініі. Кароткімі яно запаўняе прастору па контуры выявы, доўгімі – астатняе поле ў яе сярэдзіне. Нахіл гэтых ліній (і доўгіх, і кароткіх) павінен быць аднолькавы, крыху наўскасяк, адрозніваецца толькі іх даўжыня. Менавіта такія лініі і стануць правобразамі вялікіх і маленькіх літар.

Навучыце свайго дашкольніка правільна трымаць ручку і размалёўваць прадметы, а таксама сачыце, каб рука ляжала на стале і не загіналася ўнутр. І тады ў школе ў вас будзе вучыцца не «каляка-маляка», а маленькі «каліграфіст», почыркам якога ўсе будуць захапляцца.

Опубликовано:
29 октября 2020
Просмотров:
22051
Фото:
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: