Якія сусветныя трэнды ў трансфармацыі адукацыі нельга праігнараваць?

У многіх школах шырокапалосны інтэрнэт выкарыстоўваецца толькі ў кабінетах інфарматыкі і адміністрацыяй. Ці можа толькі факт падключэння навучальнай установы да сеткі Інтэрнэт або наяўнасць у ёй камп'ютарнага класа сведчыць пра тое, што гэта школа, каледж ці ВНУ актыўна ўключыліся ў лічбавую трансфармацыю? Што ўвогуле хаваецца за гэтым паняццем? Якія сусветныя трэнды ў трансфармацыі адукацыі проста недаравальна будзе праігнараваць? Пра ўсё гэта разважалі ўдзельнікі ІІ Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выстаўкі-форуму «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2018), якая прайшла ў Мінску. За тры дні работы на ёй выступілі 72 спікеры — вядучыя беларускія і замежныя спецыялісты ў сферы інфарматызацыі. На пяці пляцоўках адбыліся найцікавейшыя канферэнцыі і «гарачыя» панэльныя дыскусіі. Форум наведалі 4,5 тысячы настаўнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў, прадстаўнікоў органаў кіравання сістэмай адукацыі і пастаўшчыкоў інфармацыйных тэхналогій.

Трансфармацыя адукацыі

Змяніць свядомасць

— Мы жывём у час сур'ёзных перамен і велізарнага адукацыйнага патэнцыялу. Нашы дзеці, народжаныя ў лічбавым свеце, ужо не вучацца, як выкарыстоўваць тэхналогіі, а прымяняюць іх для таго, каб вучыцца, — падкрэслівае кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі «Майкрасофт» у Беларусі Антон МЯКІШАЎ— Разумеючы, што свет вакол нас змяняецца, студэнты і школьнікі змяніліся, мы таксама павінны змяніць і сістэму адукацыі. Трэба вучыць дзяцей тым уменням, якія будуць запатрабаваныя заўтра, а не сёння ці ўчора.

Антон Мякішаў

Вучні і студэнты чакаюць больш персаналізаванага падыходу ў навучанні, яны хочуць вывучаць толькі той матэрыял, што ім цікавы, з тых прылад, з якіх ім гэта зручна рабіць, з таго месца, дзе яны зараз знаходзяцца, і з той хуткасцю, якая камфортная менавіта для іх. Школьнікі хочуць узаемадзейнічаць з настаўнікамі і аднакласнікамі не проста ў фармаце класных заняткаў і дамашняй работы, а ў межах лічбавай прасторы, якая забяспечыць ім магчымасць сумеснай работы над задачамі і праектамі. Смартфоны, планшэты, відэалекцыі — усё гэта вучні хацелі б выкарыстоўваць. І калі ў іх з'яўляецца такая магчымасць, гэта вельмі павышае іх матывацыю і цікавасць да навучання.

На жаль, але даводзіцца канстатаваць, што сістэма беларускай адукацыі не паспявае змяняцца разам з сучасным светам. Нават калі мы абсталюем вучэбныя аўдыторыі суперсучаснай камп'ютарнай тэхнікай, інтэрактыўнымі дошкамі, забяспечым высакахуткасныя каналы сувязі, але пры гэтым не зменім навучальны працэс, і настаўнік, як і раней, стоячы спінай да класа, будзе штосьці пісаць на гэтай інтэрактыўнай дошцы, а вучні перапісваць у сшыткі, усе нашы намаганні можна лічыць марнымі. Імкненне напоўніць класы матэрыяльнымі доказамі лічбавай трансфармацыі можа быць контрпрадукцыйным, калі не зменіцца свядомасць.

Попыт на вышэйшую адукацыю ў беларускім грамадстве апошнім часам вельмі высокі, і ВНУ знаходзяцца ў добрай сітуацыі. Але калі 10—15 гадоў назад анлайн-формы дыстанцыйнага навучання толькі рабілі першыя крокі, а гранды — паспяховыя ўніверсітэты — пасмейваліся з падобных спроб (маўляў, у нас жа працуюць масцітыя прафесары і ўвогуле ніякія віртуальныя лекцыі ніколі не заменяць асабістыя стасункі з выкладчыкамі), то сёння мы бачым доказы адваротнага. Такія адукацыйныя анлайн-платформы, як lynda.com і coursera, маюць аўдыторыю ў дзясяткі мільёнаў чалавек, якія такім чынам павышаюць сваю кваліфікацыю і знаходзяць сваё месца на рынку працы.

Напрыклад, у Сан-Францыска з'явілася навучальная ўстанова Mіnerva Schools at KGT. У яе няма такой сур'ёзнай базы і досведу, як у Кембрыджскага ці Ельскага ўніверсітэтаў, але яе заснавальнікі кажуць, што адсутнасць гэтай спадчыны дазваляе ім стварыць ідэальны ўніверсітэт. Усе праекты ў сферы масавай анлайн-адукацыі ўсур'ёз канкурыруюць з вельмі паважанымі і вядомымі ва ўсім свеце ўніверсітэтамі. Гэта таксама пагроза і для беларускіх ВНУ, бо калі яны не будуць змяняцца, то могуць застацца за бортам прагрэсу.

Як жа можа выглядаць лічбавая трансфармацыя на практыцы? Па словах Антона Мякішава, гэта класы, якія натхняюць на вучобу, адукацыя без абмежаванняў па месцы і часе, навучэнцы, захопленыя адукацыйным працэсам, персаналізаванае навучанне, падрыхтаваныя і паспяховыя педагогі, эфектыўная сістэма выкладання, якая дае вынік.

Нявыкарыстаныя магчымасці

Намеснік галоўнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Белтэлекам» Сяргей ТУРОМША не толькі расказаў пра ролю нацыянальнага аператара электрасувязі ў лічбавізацыі сістэмы адукацыі, але і падзяліўся сваімі сумненнямі.

— Першапачаткова мы бачылі сваю задачу ў тым, каб забяспечыць фіксаваны доступ у інтэрнэт для ўсіх школ. Яе мы вырашылі яшчэ да 1 верасня 2014 года. У тыя часы пра оптавалакно размова яшчэ не вялася, мы казалі пра доступ у інтэрнэт па медных лініях. Хуткасць ад 2 да 4 мегабіт за секунду была дастатковая нават для патрабавальнага карыстальніка, — кажа ён. — Але тэхналогіі на месцы не стаяць, і паўстала новая задача — забяспечыць установы адукацыі доступам у інтэрнэт ужо па оптавалаконных лініях. На 1 верасня 2018 года ўсе гарадскія сярэднія школы ў краіне ўжо атрымалі доступ у інтэрнэт па оптавалакне: на гэта пайшлі 2,5 мільёна рублёў і прыкладна тры гады нашай працы.

Сяргей Туромша

Узнікае заканамернае пытанне, а што далей? Калі вы забяспечылі гарадскія школы, дык забяспечвайце і сельскія. Задача пасільная і рэальная, але давайце разбяромся, для чаго ўвогуле трэба гэта рабіць? Толькі для высакахуткаснага інтэрнэту? Тэарэтычна, пракладваючы оптавалаконную сетку, мы мелі на ўвазе, што школы актыўна пачнуць укараняць у сістэму адукацыі прагрэсіўныя тэхналогіі, якія дазволілі б задзейнічаць оптавалакно. А што назіраем у рэчаіснасці? Спецыяльна прааналізавалі, што з паслуг оптавалакна выкарыстоўваюць нашы школы. Сярэдняя хуткасць доступу ў інтэрнэт складае ўсяго 10 мегабіт за секунду. Шчыра кажучы, нам не трэба было пракладваць оптавалакно, каб забяспечыць такую хуткасць, таму што ёсць пэўныя тэхналогіі, якія і на медных лініях дазваляюць «выціснуць» гэтыя 10 мегабіт.

Калі мы кажам, што 96 % гарадскіх школ падключаны да шырокапалоснага інтэрнэту, не трэба сябе падманваць: у многіх з іх выкарыстанне магчымасцяў інтэрнэту абмяжоўваецца толькі кабінетам інфарматыкі і адміністрацыяй установы.

«Мы ўсе бачылі праспект Незалежнасці ў сталіцы на паштоўках 50—60-х гадоў. Яго праезная частка ў тыя часы фактычна пуставала. Толькі рэдкі аўтамабіль ці тралейбус можна было пабачыць на дарозе. Сёння ж пры той жа шырыні праезнай часткі на праспекце назіраецца сапраўдны аншлаг, а ў час пік і дарожныя заторы. Наша оптавалакно задзейнічана навучальнымі ўстановамі прыкладна гэтаксама, як і праезная частка праспекта ў 50—60-я гады ХХ стагоддзя», — падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара «Белтэлекама».

Сяргей Туромша расказаў пра паслугі, якія аказваюцца на падставе оптавалаконных сетак. Адна з іх — гэта відэа-канферэнц-сувязь для правядзення нарад і семінараў для настаўнікаў і выкладчыкаў. Навошта марнаваць час работнікаў, выплачваць ім камандзіровачныя, расходаваць бензін? Другая паслуга VPN — аб'яднанне карпаратыўных сетак па ІT-пратаколе, арганізацыя паміж структурамі дакументаабароту і абмену данымі.

— Лагічна, што, калі ў школе ці ўніверсітэце ёсць оптавалакно, там можна раскінуць брэндзіраваную сетку Wі-Fі з доступам як для персаналу, так і для студэнтаў і школьнікаў, — разважае Сяргей Туромша— Але пакуль што толькі 130 устаноў адукацыі падключаны да гэтай паслугі, з іх 67 школ. Вельмі карыснай можа быць і СМС-рассылка праз спецыялізаваны партал: можна аператыўна паведамляць адразу ўсім зацікаўленым пра важныя мерапрыемствы і падзеі з жыцця ўстановы адукацыі, канкрэтнага класа ці педкалектыву. Не да канца выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе і магчымасці інтэрактыўнай платформы ZALA. Усе ведаюць пераважна пра тэлебачанне, але на платформе ZALA ёсць вельмі карысны сэрвіс — відэа па запыце. Там могуць размяшчацца розныя матэрыялы. Дык чаму б не размяшчаць прыклады рашэння задач, тлумачэнні складаных тэм па фізіцы, хіміі, біялогіі? Навошта вучняў адпраўляць на сайты з гатовымі рашэннямі задач? Лепш прапанаваць карысны кантэнт. Пакуль што сур'ёзна казаць, што інтэрнэт дапамагае вучэбнаму працэсу, не выпадае.

«Нам бы вельмі хацелася, каб не мы прыходзілі ў навучальныя ўстановы ў якасці агітатараў, а сістэма адукацыі сфармулявала, якія сэрвісы сёння неабходныя для арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу на ўсіх узроўнях: для агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Любы дырэктар школы можа прыйсці ў «Белтэлекам» і агучыць ідэі, якія ён хацеў бы ўвасобіць», — запэўнівае Сяргей Туромша.

Хто будзе першы?

Сёння на парадку дня стаіць стварэнне Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Навучальныя ўстановы аб'яднаюць у адзіную інфармацыйную сістэму з элементамі статыстычнага аналізу.

— Пад інфарматызацыяй мы маем на ўвазе развіццё інфраструктуры, а лічбавая трансфармацыя — гэта свядомая замена любых працэсаў праграмным кодам. Калі можна штосьці замяніць кодам, значыць, трэба гэта зрабіць. А калі нешта немагчыма запраграмаваць, можа быць, самы час ад гэтага пазбавіцца? — разважае дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел ЛІС. — Трэба задаць сабе пытанне: што трэба адкінуць, каб з дапамогай лічбавых тэхналогій імкліва рушыць наперад?

Павел Ліс

Між іншым, пытанне хуткасці — адно з самых надзённых.

— Калі мы не зменім хуткасць прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, то нам застанецца толькі пераймаць чужое, бо мы проста не будзем паспяваць ствараць сваё, — папярэджвае Павел Ліс— Новыя тэхналогіі развіваюцца імкліва, а мы тармозім іх сваімі рашэннямі, асцярожнасцю, нежаданнем браць адказнасць, у нас гады ідуць на апрабацыю і экспертызы. Напрыклад, з'явілася новая тэхналогія, мы прыходзім з ёй у аддзел ці ўпраўленне адукацыі і кажам: трэба яе ўкараняць... І чуем у адказ: «Трэба падумаць, пратэсціраваць, грошай няма, ды і... адказнасць». Прапануем яе раздзяліць, узяўшы на сябе экспертныя функцыі, каб педагагічная грамадскасць магла карыстацца толькі праверанымі сэрвісамі. Я лічу, што чалавек, які не хоча браць на сябе адказнасць, нясе яшчэ большую адказнасць за стрымліванне тэхналогій. Зразумейце, нельга змяніць сваё паўсядзённае жыццё, дзе лічбавыя тэхналогіі даўно прыжыліся, і не змяніць прафесійнае. Трэба выходзіць з зоны камфорту.

Лічбавая трансфармацыя

Для эфектыўнай трансфармацыі ў адукацыйны працэс павінны ўкараняцца штучны інтэлект і нейронныя сеткі, віртуалізацыя адукацыйнага працэсу (дапоўненая рэальнасць) і блокчэйн. Хуткія рашэнні і ўменне браць адказнасць — асноўны рухавік лічбавай трансфармацыі. Мы будзем або першыя, або ўжо не мае значэння, якія мы будзем..

Надзея НІКАЛАЕВА, газета «Звязда», фота газеты «Звязда»

Опубликовано:
5 декабря 2018
Просмотров:
901
Категория:
Поделиться в соцсетях: