Зарэгістравацца на ЦТ па трох прадметах ці па адным? Якія нюансы важна ведаць абітурыентам...

10 мая ў краіне распачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Упершыню з пачатку правядзення ў Беларусі ЦТ яе тэрміны было вырашана скараціць больш як на тыдзень. Арганізатары ўпэўненыя: часу ў абітурыентаў больш чым дастаткова для таго, каб вырашыць усе пытанні з рэгістрацыяй. Да таго ж пры паступленні на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі здача ЦТ сёлета не патрабуецца. Апошні дзень, калі можна афіцыйна аформіць сваё жаданне на ўдзел у ЦТ,  1 чэрвеня.

ЦТ

Без пропускаў на тэсціраванне не пусцяць

Заяву для ўдзелу ў тэсціраванні абітурыент можа падаць як анлайн, так і афлайн. Можна запоўніць электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў на адрас (у сістэме папярэдняй рэгістрацыі) або завітаць у адзін з пунктаў рэгістрацыі, маючы пры сабе дакумент (копію дакумента), які сведчыць асобу. Такім дакументам лічыцца пашпарт, ІD-картка, пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца або даведка, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу. Адрасы і графік работы пунктаў рэгістрацыі размешчаны на сайце РІКВ у раздзеле «Пункты рэгістрацыі і правядзення ЦТ».

У кожным з пунктаў рэгістрацыі абітурыент можа запісацца ў любую ВНУ, дзе яму будзе больш зручна здаваць экзамен. Усё таму, што сістэма рэгістрацыі аўтаматызаваная. І зусім не абавязкова пісаць тэсціраванне ў ВНУ, куды абітурыент збіраецца паступаць. Лепш выбраць месца бліжэй да дому, каб пазбегнуць непрадбачаных сітуацый (спазнення транспарту, забытых дакументаў і г. д.).

Пры афармленні электроннай формы заявы на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў спачатку неабходна ўвесці свае даныя (серыя і нумар дакумента, які сведчыць асобу, нумар тэлефона). Затым прыйдзе SMS з паролем да асабістага кабінета. Ён фарміруецца ў момант першага ўваходу. У наступныя разы трэба будзе толькі ўводзіць лагін і пароль.

Далей у сістэме неабходна выбраць прадметы, пункты тэсціравання і іншыя даныя. Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.

Наступны этап – аплата ўдзелу ў ЦТ праз сістэму АРІП. Правесці аплату трэба не пазней за 1 чэрвеня, выкарыстоўваючы нумар свайго асабовага рахунку, указанага ў асабістым кабінеце сістэмы рэгістрацыі. Гэта сума складае 0,1 базавай велічыні за адзін вучэбны прадмет (3,7 рубля). У кошт закладваюцца выдаткі на работу пунктаў рэгістрацыі, афармленне дакументаў і правядзенне экзамену.

Абітурыенты са шматдзетных сем'яў здаюць ЦТ бясплатна. Ім трэба прынесці даведку аб месцы жыхарства і складзе сям'і і іх ксеракопіі. Таксама бясплатна рэгіструюцца на тэсціраванне сіроты, інваліды І і ІІ груп, абітурыенты, чые бацькі сталі інвалідамі на ваеннай службе. Падрабязнасці можна даведацца ў 12-м пункце Палажэння аб правядзенні ЦТ.

Абітурыенты, з якіх не спаганяецца плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, не могуць падаць заяўку анлайн. Зрабіць тое трэба асабіста або праз законнага прадстаўніка.

Трэба мець на ўвазе, што рэгістрацыя завяршаецца атрыманнем пропускаў, па якія трэба звярнуцца асабіста не пазней за 1 чэрвеня. Абітурыент забірае пропускі ў тым пункце рэгістрацыі, у якім ён падаваў заяву для ўдзелу ў ЦТ пры асабістай яўцы, або ў адным з пунктаў рэгістрацыі, што ажыццяўляюць работу на базе пунктаў тэсціравання, дзе абітурыент плануе праходзіць ЦТ (у выпадку падачы заявы для ўдзелу ў ЦТ праз сістэму папярэдняй рэгістрацыі).

У адзін з іх неабходна будзе завітаць з пашпартам, ІD-карткай, пасведчаннем на права жыхарства або пасведчаннем бежанца. Забраць пропускі замест абітурыента
могуць таксама яго законныя прадстаўнікі. Менавіта ў пропуску ўказваецца інфармацыя, калі і куды трэба прыходзіць у дзень правядзення тэсціравання. Без пропускаў на тэсціраванне не пусцяць.

Абітурыентам трэба быць уважлівымі: пропуск для ўдзелу ў ЦТ лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуску выдаецца дублікат.

Пакуль абітурыент не атрымаў пропуск, у асабістым кабінеце можна змяніць даныя ў заяве: набор прадметаў, мову прадстаўлення тэста і г. д. Калі з'явіцца неабходнасць тое зрабіць пасля атрымання пропуску, трэба будзе звяртацца ў пункт ЦТ асабіста. Адпаведна, калі ты рэгістраваўся афлайн, то і змены ўносяцца ў тым пункце, дзе пісаў заяву. Аднак усе маніпуляцыі магчымыя толькі да 1 чэрвеня (уключна).

У апошні дзень пасля 12 гадзін і да закрыцця пунктаў рэгістрацыі ў 19 гадзін падаць заяву на ўдзел у ЦТ можна будзе толькі асабіста, завітаўшы ў адзін з пунктаў рэгістрацыі. Папярэдняя анлайн-рэгістрацыя на сайце будзе даступная толькі да 12 гадзін 1 чэрвеня.

Галоўнае адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі абітурыентам дазвалялася рэгістравацца аж на чатыры прадметы на ЦТ, з 2023 года выпускнікі школ папярэдніх гадоў і выпускнікі прафесійных навучальных устаноў могуць зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ толькі па трох прадметах. А абітурыентам, якія сёлета здаюць два цэнтралізаваныя экзамены пры выхадзе са школы, дазваляецца зарэгістравацца для здачы ЦТ толькі па адным прадмеце, і гэты прадмет — профільная дысцыпліна для паступлення на тую ці іншую спецыяльнасць. Дзяржаўную мову яны здаюць на ЦЭ.

Сур'ёзныя патрабаванні да ідэнтыфікацыі асобы

14 мая ў краіне пройдзе першы ў гісторыі краіны цэнтралізаваны экзамен для адзінаццацікласнікаў. Выпускнікоў прымуць 144 пункты правядзення ЦЭ, з іх 30 размяшчаюцца на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі, 60 – на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі і 54 пункты – на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі: гэта школы, гімназіі, ліцэі.

Агульныя прынцыпы правядзення цэнтралізаванага экзамену супадаюць з правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, але ёсць у яго і свае адметнасці. Адна з іх – спосаб дастаўкі школьнікаў у пункты правядзення ЦЭ. Адзінаццацікласнікаў будуць дастаўляць туды цэнтралізавана. Загадзя былі сфарміраваныя графікі прыбыцця навучэнцаў у пункты здачы цэнтралізаванага экзамену, каб на ўваходзе ў навучальныя ўстановы не ўтвараліся чэргі.

Першы ў гісторыі краіны цэнтралізаваны экзамен пачнецца 14 мая ў 11.00. Выпускнікі школ прыбудуць у пункты здачы ЦЭ за гадзіну да пачатку выпрабавання. Гэта неабходна, каб дзеці ў спакойнай абстаноўцы, без мітусні маглі заняць сваё месца ў экзаменацыйнай аўдыторыі і сканцэнтравацца на адказным выпрабаванні. Адзінаццацікласнікаў размесцяць у шахматным парадку, па адным за партай. У аўдыторыі павінны прысутнічаць не менш як тры педагогі, сярод іх і настаўнік таго прадмета, па якім праводзіцца ЦЭ. Цэнтралізаваны ад'езд школьнікаў таксама захаваецца. У сельскай мясцовасці навучэнцаў павінны даставіць да населенага пункта, дзе тыя пражываюць.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў папярэджваюць, што пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену будуць прад'яўляцца сур'ёзныя патрабаванні да ідэнтыфікацыі асобы яго ўдзельнікаў. На ЦЭ, як і на ЦТ, будзе арганізаваны прапускны рэжым. Навучэнцы павінны мець з сабой аформленыя пропускі, а таксама дакумент, які сведчыць іх асобу. Як паказала рэпетыцыя ЦЭ, частка навучэнцаў не мела пры сабе пашпартоў. Між іншым, яны абавязаныя на ўваходзе ў пункт правядзення ЦЭ прадставіць або пашпарт, або ІD-карткі, або спецыяльную даведку з органаў МУС з фатаграфіяй і пячаткай у выпадку страты пашпарта. Гэта тыя дакументы, якія дазваляюць вызначыць асобу ўдзельніка выпрабавання. Калі пропуск навучэнцам будзе страчаны, яго можна будзе выпісаць у самім пункце правядзення ЦЭ, такая магчымасць ёсць. Але без пашпарта ўдзельнік да экзамену не можа быць дапушчаны.

Калі не атрымаецца прайсці на мэтавыя месцы...

У пачатку мая на сайтах вышэйшых навучальных устаноў з'явілася інфармацыя аб даступных мэтавых месцах і прадпрыемствах – заказчыках кадраў. Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, сёлета паступіла каля чатырох тысяч заявак ад прадпрыемстваў краіны на прыём абітурыентаў на мэтавае навучанне: большая іх частка – з рэгіёнаў, але ёсць і заказчыкі з Мінска.

Больш за ўсё запытаў на мэтавікоў ва ўстановах вышэйшай адукацыі, падведамных Міністэрству аховы здароўя. Заявак ад канкрэтных медустаноў няма, бо наперадзе ў будучых медыкаў – доўгія гады навучання, а сітуацыя з кадрамі ў рэгіёнах хутка мяняецца. Па мэтавае накіраванне варта звяртацца ў галоўныя ўпраўленні аховы здароўя вобласці, а ў Мінску – у Камітэт па ахове здароўя. Канкрэтнае месца першай работы выпускніку назавуць толькі на размеркаванні. Так, у БДМУ амаль 65 % бюджэтных месцаў адведзена сёлета пад падрыхтоўку кадраў па мэтавым накіраванні: на лячэбным факультэце – 144 з 240 месцаў, медыка-прафілактычным – 66 са 110, педыятрычным – 144 са 180, фармацэўтычным – 30 з 50, стаматалагічным – 128 са 160.

Прыёмная кампанія для мэтавікоў у 2023 годзе вынесена за рамкі асноўнай прыёмнай кампаніі. Так, з 1 да 5 чэрвеня будзе весціся прыём дакументаў на мэтавыя месцы ў ВНУ, з 6 да 13 чэрвеня пройдуць уступныя іспыты і да 16 чэрвеня адбудзецца залічэнне мэтавікоў. Абітурыенты, якія паступаюць на ўмовах мэтавага накіравання, здаюць адзін унутраны экзамен у ВНУ (у вуснай або практычнай форме) па першым профільным прадмеце абранай спецыяльнасці. Уступны экзамен у практычнай форме праводзіцца для спецыяльнасцяў, дзе профільнымі з'яўляюцца дысцыпліны «Творчасць» і «Фізічная культура і спорт». Конкурс будзе выбудоўвацца на аснове сумы сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і бала, атрыманага на ўнутраным экзамене.

Калі ў кагосьці не атрымаецца прайсці па конкурсе на месцы, выдзеленыя на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, захоўваецца магчымасць узяць удзел у агульным конкурсе. Для гэтага неабходна не забыцца зарэгістравацца ў маі на ЦТ, здаць усе неабходныя іспыты і паспрабаваць свае сілы ў асноўныя тэрміны прыёмнай кампаніі ў ліпені.

Дарэчы, на сайце Міністэрства адукацыі размешчана інтэрактыўная карта для абітурыентаў, якія плануюць паступаць у ВНУ і каледжы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Як падкрэсліваюць у ведамстве, дадзены рэсурс дапаможа падабраць месца для вучобы і будучай работы, знайсці кантакты арганізацый – заказчыкаў кадраў па спецыяльнасцях, якія цікавяць, для атрымання дадатковай інфармацыі і заключэння дагавораў з заказчыкамі аб мэтавай падрыхтоўцы. Пакуль карта працуе ў тэставым рэжыме для ўніверсітэтаў Міністэрства адукацыі. Але ў хуткім часе туды плануюць дадаць інфармацыю па ўстановах вышэйшай адукацыі, падпарадкаваных іншым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання.

Таксама з 10 мая ў Міністэрстве адукацыі пачала працаваць «гарачая лінія» па пытаннях ЦЭ, ЦТ і ўступнай кампаніі. Патэлефанаваць на «гарачую лінію» па тэлефоне 8 (017) 222-43-12 можна ў будныя дні з 9.00 да 18.00 (абед  з 13.00 да 14.00). Спецыялісты Мінадукацыі з 10 да 31 мая будуць кансультаваць па пытаннях арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага экзамену, а з 10 мая да 19 жніўня можна будзе задаваць пытанні, якія датычацца ўступнай кампаніі ва ўстановах адукацыі краіны.

Атрымаць інфармацыйную дапамогу па «гарачай лініі» можна будзе і непасрэдна ў дні правядзення цэнтралізаванага экзамену, гэта значыць 14 і 21 мая.

Даведка

Сёлета ЦЭ будуць здаваць 53 323 выпускнікі. Самым буйным пунктам здачы цэнтралізаванага экзамену стане БНТУ: тут здасць іспыт каля 3 тысяч чалавек. А самым маленькім – Расонская сярэдняя школа ў Віцебскай вобласці, дзе ЦЭ напішуць 60 вучняў.

З дзвюх моў каля 73 % сёлетніх выпускнікоў выбрала рускую (41 781 чалавек). Самым папулярным профільным прадметам стала матэматыка (20 582 чалавекі).

Опубликовано:
12 мая 2023
Просмотров:
2120
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: