Асаблівасці вывучэння вучэбных прадметаў «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2015/2016 навучальным годзе

V клас
 
У сувязі з увядзеннем з 1 верасня 2015 г. у V класе новай мадэлі адукацыі, якая рэалізуе прынцыпы адноснай завершанасці зместу адукацыі на ІІ ступені і профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу, у вучэбную праграму па беларускай мове ўнесены некаторыя змены.

 
Змест адукацыі для V класа выкладзены ў наступных раздзелах: «Мова – найважнейшы сродак зносін» (1 гадзіна), «Маўленне» (5 гадзін), «Паўтарэнне вывучанага ў І – ІV класах» (12 гадзін, з іх 1 гадзіна – на пісьмовую работу), «Тэкст» (8 гадзін, з іх 4 гадзіны – на пісьмовыя работы), «Сінтаксіс і пунктуацыя» (25 гадзін, з іх 4 гадзіны – на пісьмовыя работы), «Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія» (28 гадзін, з іх 4 гадзіны – на пісьмовыя работы), «Лексіка. Фразеалогія» (20 гадзін, з іх 3 гадзіны – на пісьмовыя работы), «Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага за год» (4 гадзіны), «Рэзервовыя гадзіны» (2 гадзіны).
 
Такім чынам, выдзелены ў асобныя раздзелы «Маўленне» (змест якога складаюць тэмы «Вусная і пісьмовая формы маўлення», «Віды маўленчай дзейнасці», «Знаёмства са стылямі маўлення», «Мастацкі, навуковы і гутарковы стылі маўлення», якія раней вывучаліся ў іншых раздзелах) і «Тэкст» (змест якога складаюць наступныя тэмы: «Тэкст, прыметы тэксту». «План тэксту». «Тыпы маўлення: апавяданне, апісанне, разважанне», якія раней вывучаліся ў іншых раздзелах).
 
З мэтай забеспячэння паралельнага вывучэння беларускай і рускай моў складаны для засваення вучнямі V класа раздзел «Склад слова. Словаўтварэнне і арфаграфія» перанесены ў VІ клас.
 
Вучэбная праграма па беларускай літаратуры для V класа заснавана на ідэях кампетэнтнаснага падыходу, паводле якога засваенне зместу навучання накіравана на фарміраванне прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый вучняў. Рэалізацыя такога падыходу прадугледжвае ўзмацненне дзейнасна-практычнага кампанента літаратурнай адукацыі,у сувязі з чым у праграме акрэсліваюцца асноўныя віды вучэбнай дзейнасці вучняў і патрабаванні да яе вынікаў. Змест курса, у параўнанні з папярэднімі гадамі, істотна не змяніўся. Адбылося нязначнае пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу: творы, якія раней былі ў спісе для «чытання і абмеркавання” або прапанаваны для тэкстуальнага вывучэння (напрыклад, легенда «Пестунь», апавяданне Я.Коласа «У старых дубах»), або перанесены ў спіс для дадатковага чытання (напрыклад, творы П.Сіняўскага «Зачараваная гаспадарка», А.Гаруна «Датрымаў характар»).
 
X клас
 
У 2015/2016 навучальным годзе навучанне беларускай мове ў X класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання арганізоўваецца на двух узроўнях: базавым і павышаным.
 
Пры арганізацыі базавага ўзроўню вывучэння беларускай мовы на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (35 (або 53) гадзіны ў год) неабходна ўлічыць, што змест адукацыі на базавым узроўні значна паменшыўся за кошт пераводу некаторых тэм узроўню з тэарэтычнага засваення на ўзровень практычнага прымянення. Такія тэмы, як «Стылістычныя магчымасці фанетыкі», «Стылістычныя магчымасці лексікі і фразеалогіі», «Стылістычныя магчымасці словаўтварэння», «Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці слоў розных часцін мовы», «Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці словазлучэнняў у разгортванні тэмы, афармленні звязнага выказвання», «Сінаніміка словазлучэнняў»,  «Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці простых і складаных сказаў рознай будовы і прызначэння», «Сінтаксічная сінаніміка», разглядаюцца толькі на практычным узроўні, у плане магчымасці выкарыстання пэўных моўных сродкаў у маўленчай дзейнасці. Іншымі словамі, асобныя гадзіны на разгляд названых тэм вучэбнай праграмай не прадугледжваюцца, але пры вывучэнні адпаведных тэм (напрыклад, «Гукавая абалонка слова», «Лексічнае значэнне слова», «Фразеалогія», «Словаўтварэнне», «Назоўнік, прыметнік…» і г.д.) звяртаецца ўвага (на практычным узроўні) на стылістычныя магчымасці і / або тэкстаўтваральную ролю адпаведных моўных адзінак.
 
Акрамя гэтага, адбылося пераструктураванне зместу адукацыі паміж X і XІ класамі. Змест адукацыі ў X класе складаюць наступныя раздзелы: «Роля мовы ў жыцці чалавека і грамадства», «Маўленне», «Тэкст», «Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія. Культура маўлення», «Лексіка. Фразеалогія. Культура маўлення», «Марфемная будова слова. Словаўтварэнне і арфаграфія. Культура маўлення», «Марфалогія і арфаграфія. Культура маўлення», «Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага». Змест адукацыі ў XІ класе складаюць наступныя раздзелы: «Агульныя звесткі аб мове», «Маўленне», «Стылістыка», «Сінтаксіс і пунктуацыя. Культура маўлення», «Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага».
 
Для рэалізацыі павышанага ўзроўню вывучэння беларускай мовы ў X класе распрацавана вучэбная праграма (105 гадзін у год), змест якой складаюць наступныя раздзелы: «Роля мовы ў жыцці чалавека і грамадства», «Маўленне», «Тэкст», «Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія. Культура маўлення», «Лексіка. Фразеалогія. Культура маўлення», «Марфемная будова слова. Словаўтварэнне і арфаграфія. Культура маўлення», «Марфалогія і арфаграфія. Культура маўлення», «Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага».
 
Такім чынам, прыярытэтнай задачай профільнага навучання становіцца фарміраванне культуры вуснага і пісьмовага маўлення навучэнцаў, таму засваенне і асэнсаванне ўсіх моўных адзінак на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі адбываецца ў аспекце культуры маўлення, што і перадаюць назвы раздзелаў вучэбнай праграмы. У сувязі з гэтым пашыраюцца веды вучняў пра нормы беларускай мовы (арфаэпічныя, акцэнталагічныя, лексічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя, стылістычныя), сродкі і прыёмы маўленчай выразнасці, стылістычную ролю і тэкстаўтваральныя магчымасці моўных сродкаў беларускай мовы, удасканальваюцца ўменні даваць ацэнку чужым і рэдагаваць уласныя выказванні. Разам з тым рэалізацыя новага інтэграванага зместу на аснове міжпрадметных сувязей прадугледжвае пашырэнне паняційнага апарату, звязанага з інтэграцыяй міжпрадметных навучальных курсаў (мова, культура маўлення, стылістыка, рыторыка), засваенне вучнямі паняццяў «стылістычная норма», «стылістычная памылка» і інш.
 
На ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі на павышаным узроўні развіццё моўнай кампетэнцыі навучэнцаў адбываецца ў напрамку пашырэння іх слоўнікавага запасу, у тым ліку за кошт лінгвістычнай і міжпрадметнай тэрміналогіі (лексіка такіх дысцыплін, як мова, маўленне, культура маўлення, стылістыка, рыторыка), знаёмства з творамі (фрагментамі твораў) беларускай літаратуры, засваення актуальнай грамадска-палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай лексікі, а таксама развіцця граматычнага ладу маўлення.
 
На павышаным узроўні развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі адбываецца за кошт удакладнення і пашырэння відаў лінгвамаўленчай дзейнасці, якія рэалізуюць практыкаарыентаваны характар моўнай адукацыі: складанне плана, тэзісаў і канспекта вучэбнага тэксту, падрыхтоўка рэферата, даклада, мэтанакіраваныя выпіскі, аналітычнае паведамленне на аснове самастойнага вывучэння тэксту (па плане, прапанаваным настаўнікам, а затым - па ўласным плане), творчыя працы ў жанры эсэ, нарыса, апавядання іінш.
 
Вучэбны матэрыял, звязаны з фарміраваннем лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі, пададзены ва ўводным раздзеле «Роля мовы ў жыцці чалавека і грамадства» (мова і нацыянальная культура, мова і гісторыя народа і г.д.), «Лексіка. Фразеалогія» (безэквівалентная лексіка, фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі і інш.), а таксама праз культуразнаўчыя тэксты, якія адлюстроўваюць разнастайныя праявы культуры беларускага народа (звычаі, побыт, каштоўнасці і інш.).
 
Для рэалізацыі задач павышанага ўзроўню вывучэння беларускай мовы выкарыстоўваюцца наступныя вучэбныя дапаможнікі:
 
Валочка, Г.М. Беларуская мова. 10 клас: вучэбны дапаможнік для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Г.М. Валочка, Л.С. Васюковіч, В.У. Зелянко, У.П. Саўко. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009.
Валочка, Г.М. Беларуская мова. 11 клас: вучэбны дапаможнік для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Г.М. Валочка, Л.С. Васюковіч, С.С. Міхнёнак, У.П. Саўко. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009.
Асноўны змест вучэбнай праграмы па беларускай мове для 10 класа выкладзены ў вучэбным дапаможніку для 10 класа. Асобныя тэмы («Арфаэпічныя нормы», «Арфаграфічныя нормы», «Граматычныя нормы») змешчаны ў вучэбным дапаможніку для 11 класа. Акрамя папяровага варыянта дапаможніка, можна выкарыстаць яго электронную версію, размешчаную на Нацыянальным адукацыйным партале (adu.by).
 
Для вывучэння некаторых тэм, не заяўленых у названых вучэбных дапаможніках («Лексічныя і фразеалагічныя нормы», «Словаўтваральныя нормы», «Марфалагічныя нормы: ужыванне дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў» і інш.), можна выкарыстаць матэрыял асобных практыкаванняў з вучэбнага дапаможніка для 10 класа, якія прадугледжваюць развіццё культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў. Напрыклад, з мэтай удасканалення ўмення захоўваць лексічныя нормы ў маўленні (тэма «Лексічныя нормы: правільнае выкарыстанне сінонімаў, антонімаў, паронімаў») рэкамендуецца выканаць практыкаванне 130 (рэдагаванне сказаў, у якіх дапушчаны маўленчыя памылкі). На аснове практыкавання 162 развіваецца ўменне вучняў утвараць ад дзеясловаў дзеепрыметнікі і правільна ўжываць іх у маўленні (тэма «Словаўтваральныя нормы»). Фарміраванню здольнасці выяўляць у маўленні адхіленні ад марфалагічных норм спрыяе выкананне практыкавання 207, у якім даецца заданне выправіць памылкі ва ўжыванні дзеепрыслоўяў у сказах (тэма «Марфалагічныя нормы: ужыванне дзеепрыслоўяў») і да т.п.
 
Больш падрабязныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Х класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (базавы і павышаны ўзроўні) будуць надрукаваны ў навукова-метадычным часопісе «Беларуская мова і літаратура” (№ 8) і размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале (adu.by).
 
З мэтай рэалізацыі павышанага ўзроўню вывучэння беларускай мовы ў Х класе рэкамендуецца выкарыстоўваць таксама наступныя вучэбныя дапаможнікі, у тым ліку вучэбна-метадычны комплекс па арганізацыі факультатыўных заняткаў, кантрольна-вымяральныя матэрыялы, электронныя адукацыйныя рэсурсы:
 
Валочка, Г.М. Беларуская мова. 10–11 класы. Практыкум па арфаграфіі і пунктуацыі: дапам. для вучняў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г.М. Валочка, В.У. Зелянко, І.Л. Бурак. – Мінск: Аверсэв, 2012.
Валочка, Г.М. Практыкум па арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы. 10–11 класы: вучэб.-метад. комплекс / Г.М. Валочка, В.У. Зелянко, І.Л. Бурак. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2010.
Беларуская мова: навучальныя і кантрольныя дыктанты і пераказы: 10–11 класы: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г.М. Валочка [і інш.]. – Мінск: Аверсэв, 2012, 2014.
Валочка, Г.М. Беларуская мова: тэставыя работы: 8–11 класы: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г.М. Валочка, В.У. Зелянко. – Мінск: Аверсэв, 2013, 2014.
Зелянко, В.У. Навучанне беларускай мове: лінгвакультуралагічны падыход. 10–11 класы: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / В.У. Зелянко. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011.
Беларуская мова. 10 клас: электронны адукацыйны рэсурс (adu.by).
Беларуская мова. 11 клас: электронны адукацыйны рэсурс (adu.by).
 
У 2015/2016 навучальным годзе навучанне беларускай літаратуры ў X класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання арганізоўваецца на двух узроўнях: базавым і павышаным.
 
Базавы ўзровень прадугледжвае знаёмства вучняў з агульнымі тэарэтычнымі асновамі курса, агульнымі заканамернасцямі і асаблівасцямі развіцця беларускай літаратуры ў пэўны гістарычны перыяд, асэнсаванне знакавых твораў найбольш яркіх прадстаўнікоў мастацтва слова. У вучэбнай праграме «Беларуская літаратура. Х клас (базавы ўзровень)» зменшана колькасць вывучаемых твораў (напрыклад, аповесць А.Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» перанесена ў спіс твораў для самастойнага чытання); заменены некаторыя вялікія па памеры і складаныя для вучнёўскага ўспрымання творы на менш аб’ёмныя (напрыклад, замест рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» прапанавана апавяданне «Макаркавых Волька»); павялічана колькасць гадзін на вывучэнне вялікіх па аб’ёме твораў (напрыклад, на вывучэнне раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце» і Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»); аптымізаваны тэарэтыка-літаратурны матэрыял (зменшана колькасць літаратуразнаўчых тэрмінаў, абавязковых для засваення). Творы замежных аўтарў перанесены з рубрыкі «для чытання і вывучэння» ў спіс для дадатковага чытання.
 
На вывучэнне літаратуры ў X класе на базавым узроўні адводзіцца 53 гадзіны, з іх 49 гадзін — на вывучэнне і абмеркаванне твораў, 4 гадзіны — на творчыя работы. Праграмай не прадугледжаны гадзіны на ўрокі па творах для дадатковага чытання, але настаўнік павінен рэгулярна цікавіцца самастойным чытаннем вучняў і можа, па-свойму пераразмеркаваўшы вучэбную нагрузку, правесці на працягу навучальнага года некалькі ўрокаў па абраных творах для дадатковага чытання.
 
Профільнае навучанне па беларускай літаратуры ў Х класе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай «Беларуская літаратура. Х клас (павышаны ўзровень)». У названай праграме (у параўнанні з базавым узроўнем) паглыблены тэарэтыка-літаратурныя асновы курса, што дазволіць усебакова пазнаёміцца з гісторыка-літаратурным працэсам і выпрацаваць навыкі аналітычнай і інтэрпрэтацыйнай дзейнасці, пашыраны спіс манаграфічных тэм і твораў для тэкстуальнага вывучэння. Дзеля больш поўнага асэнсавання працэсу развіцця беларускай літаратуры ў ХХ стагоддзі для манаграфічнага вывучэння ўведзены тэмы па творчасці Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Пушчы, Андрэя Мрыя. З мэтай больш глыбокага асэнсавання адметнасці аўтарскага індывідуальнага стылю пашыраны спіс твораў для тэкстуальнага вывучэння: у тэму «Максім Гарэцкі» ўключана аповесць «Дзве душы», у тэму «Змітрок Бядуля» – лірычныя мініяцюры і абразкі, у тэму «Пятрусь Броўка» – паэма «Голас сэрца», у тэму «Кузьма Чорны» – раман «Пошукі будучыні», у тэму «Аркадзь Куляшоў» – паэма «Сцяг брыгады», у тэму «Янка Брыль» – апавяданне «Галя» і лірычныя мініяцюры, у тэму «Іван Мележ» – раман «Подых навальніцы», у тэму «Уладзімір Караткевіч» – вершы. Таксама павялічана колькасць гадзін на вывучэнне найбольш значных і аб’ёмных тэм (напрыклад, жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка). Прапанаваны таксама для чытання і вывучэння творы замежных аўтараў (вершы Райнера Марыя Рыльке, навелы Стэфана Цвейга, Андрэ Маруа), што забяспечыць асэнсаванне твораў беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнага мастацтва слова.
 
На вывучэнне літаратуры ў X класе на павышаным узроўні адводзіцца 105 гадзін, з іх 93 гадзіны – на вывучэнне і абмеркаванне твораў. У вучэбнай праграме выдзелена таксама 10 гадзін на выкананне творчых работ, што дазваляе пашырыць дзейнасна-практычны кампанент літаратурнай адукацыі і стварыць умовы для фарміравання культуратворчай кампетэнцыі вучняў. Дзеля гэтага пажадана выкарыстоўваць разнастайныя па змесце і форме выканання творчыя заданні, прадыктаваныя жанравай прыродай твора, накіраваныя на фарміраванне вопыту маўленчай дзейнасці і міжкультурнай камунікацыі. Тэмы і час правядзення ўрокаў па творах для дадатковага чытання, на якія праграмай адводзіцца дзве гадзіны, мэтазгодна вызначаць зыходзячы з чытацкіх прыхільнасцей вучняў і наяўнасці тэкстаў у бібліятэчным фондзе.
 
Вывучэнне літаратуры на павышаным узроўні стварае больш шырокія магчымасці для рэалізацыі міжпрадметных сувязей, у першую чаргу з вучэбным прадметам «Беларуская мова». Еднасць гэтых дысцыплін грунтуецца на агульным прадмеце вывучэння – слове як адзінцы мовы і маўлення ў яго функцыянальным значэнні – і прадугледжвае спасціжэнне мовы і літаратуры як нацыянальна-культурных каштоўнасцей. Узаемадзеянне беларускай літаратуры з айчыннай і сусветнай мастацкай культурай дазваляе наладзіць дыялог розных відаў мастацтва: літаратуры, тэатра, кіно, музыкі, жывапісу, што спрыяе фарміраванню ў вучняў уяўленняў пра заканамернасці эстэтычнага і мастацкага асваення свету чалавекам, выпрацоўцы крытэрыяў эстэтычнай ацэнкі твораў. Разам з гісторыяй і грамадазнаўствам літаратура звяртаецца да праблем, непасрэдна звязаных з грамадскай сутнасцю чалавека, фарміруе гістарызм мыслення, узбагачае культурна-гістарычную памяць вучняў, выхоўвае ў іх актыўныя адносіны да рэчаіснасці, прыроды, усяго навакольнага свету.
 
Галоўным пры вывучэнні літаратуры з’яўляецца праца з мастацкім тэкстам, што можа быць рэалізавана праз наступныя спосабы дзейнасці:
 
- рэцэптыўныя – чытанне і паўнавартаснае ўспрыманне мастацкага тэксту, завучванне на памяць і пад.;
- рэпрадуктыўныя – асэнсаванне сюжэта твора, адлюстраваных у ім падзей, характараў, рэалій праз рознага віду пераказы, адказы на пытанні рэпрадуктыўнага характару і пад.;
- прадуктыўна-творчыя – выразнае чытанне мастацкіх тэкстаў, вуснае слоўнае маляванне, сачыненні розных жанраў, інсцэніраванне твораў, складанне кінасцэнарыя і пад.;
- пошукавыя – самастойны пошук адказу па праблемныя пытанні, каментаванне мастацкага твора, устанаўленне асацыятыўных сувязей з творамі іншых відаў мастацтва і пад.;
- даследчыя – аналіз тэксту, супастаўленне твораў літаратуры, аўтарскіх стыляў і літаратурных з’яў з мэтай выяўлення ў іх агульных і своеасаблівых рыс і пад.
 
Падрабязныя метадычныя рэкамендацыі па ажыццяўленні навучання беларускай літаратуры ў 10 класе на базавым і павышаным узроўнях будуць надрукаваны ў жнівеньскім нумары часопіса «Беларуская мова і літаратура» і размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале (adu.by).
 
Для рэалізацыі задач павышанага ўзроўню вывучэння беларускай літаратуры выкарыстоўваюцца наступныя вучэбна-метадычныя дапаможнікі:
 
Беларуская лiтаратура, XI-XX стст. : дапаможнік для шк., ліцэяў, гімназій, ВНУ / А.І. Бельскі, У.Г. Кароткі, П.І. Навуменка і інш. – Мінск : ТДА «Аверсэв», 2001. – 414 с.
Рагойша, В.П. Літаратуразнаўчы слоўнік. Тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў / В.П. Рагойша. – Мінск : Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша, В.П. Паэтычны слоўнік / В.П. Рагойша. – Мінск : Беларус. навука, 2004. – 574 с.
Лявонава, Е.А. Плыні і постаці : З гiсторыi сусвет. лiт. другой паловы XIX-XX ст.: дапам. для настаўнiкаў. – Мінск : Часоп. «Крыніца», 1998. – 334 с.
Максімовіч, В. Шыпшынавы край : Старонкi бел. лiт. 20-30-х гг. XX ст.: дапам. для настаўнiкаў / В. Максімовіч. – Мінск : УП «ІВЦ Мінфіна», 2002. – 160 с.

По материалам официального интернет-портала Министерства образования Республики Беларусь
Опубликовано:
18 июня 2015
Просмотров:
9090
Категория:
Поделиться в соцсетях: