Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага

Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

Родная мова

У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але ў гэты дзень галоўным аб`ектам увагі становіцца мова тытульнай нацыі – беларуская. Эксперты лічаць, што сёння яна праяўляе даволі высокую ступень жыццёвасці, актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку, напрыклад у інтэрнэт-прастору, і гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. Але не адмаўляюць даследчыкі і тое, што існуе відавочная праблема з шырокім выкарыстаннем беларускай мовы ў паўсядзённасці. Для большасці грамадзян нашай краіны яна не з`яўляецца пастаянным сродкам зносін, а ў выніку звужаецца неабходнае для яе развіцця асяроддзе.

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць. Дзень роднай мовы – нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай.

Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай. А роднай? Калі шчыра, каштоўнасць гэтага скарбу ўсведамляюць нямногія. На жаль! Мову вывучаюць у школе, нядрэнна разумеюць, але мала хто свабодна на ёй гаворыць і ёю карыстаецца. Прычыны гэтага называюць розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым ці якія іншыя. А можа, варта проста памяняць свае адносіны да мовы, адважыцца і пачаць? Паспрабаваць хаця б на працягу аднаго дня, 21 лютага, гаварыць з калегамі, сябрамі, блізкімі на роднай мове.

Беларуская мова

Дарэчы

Даўней беларуская была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе суды, адбываліся соймы і іншае.

Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі раней за нас займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове. Яна з`явілася ў 1488 годзе. А ў 1517-м – у Празе доктар лекарскіх навук Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску – першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва беларускую назвалі роднай мовай 53,2 % жыхароў краіны – 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек. Дома на ёй размаўляе 23 % насельніцтва. Асноўнай мовай зносін 70 % назвалі рускую.

Сярод беларусаў па нацыянальнасці 60 % назвалі роднай моваю беларускую, дома ёю карыстаецца 30 %.

У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх амаль 84 % назвалі сябе беларусамі.

Ирина Свирко, «СБ. Беларусь сегодня»
(фото Александра Ружечка)

Опубликовано:
21 февраля 2019
Просмотров:
1149
Категория:
Поделиться в соцсетях: