Новая версія Дзіцячага прававога сайта будзе запушчана 1 чэрвеня

Новую версію Дзіцячага прававога сайта запусціць 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі (НЦПІ). Гэта ўнікальны спецыялізаваны сайт па прававой адукацыі дзяцей і падлеткаў, створаны па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта.

Рэсурс mіr.pravo.by існуе ўжо 12 гадоў. Сёлета яго ўнеслі ў спіс інтэрнэт-рэсурсаў з адукацыйнымі праграмамі для малых падчас падоўжаных з-за пандэміі канікул. Тут дзеці могуць замацоўваць пройдзены матэрыял, набываць новыя веды, у тым ліку юрыдычныя, атрымліваць адказы на «дарослыя» пытанні і падказкі, што рабіць у складаных сітуацыях.

Уся інфармацыя на сайце падаецца ў займальнай і даступнай форме, у тым ліку праз гульні, а шукаць адказы на пытанне дапамагае віртуальнае Вараняня. Сайт разлічаны на дзяцей ад 6 да 16 гадоў. Малыя тут даведаюцца шмат цікавага пра розныя краіны, разгадаюць рэбусы і красворды, пройдуць тэсты. Падлеткі могуць таксама вывучыць «Юрыдычную азбуку», здзейсніць падарожжа ў свет фінансаў, вывучыць правілы дарожнага руху і высветліць, якія незвычайныя забароны і законы дзейнічаюць у іншых краінах.

У «Прававых лабірынтах» можна пазнаёміцца з «Жывой дэкларацыяй правоў дзіцяці», а яшчэ адправіцца ў «Падарожжа ў мінулае», каб даведацца пра мінулае нашай краіны і пазнаёміцца са славутымі продкамі. Падлеткі даведаюцца, як атрымаць пашпарт, уладкавацца на работу, набыць папулярнасць у школе, навучыцца правільна сябраваць і абараняць свае інтарэсы.

Новая версія 2.0, створаная пры падтрымцы прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЭФ у Беларусі, мае новы дызайн, рэалізуе новыя сучасныя тэхналогіі і інавацыйныя падыходы да падачы інфармацыі, палепшаную сістэму навігацыі і новыя сэрвісы. Сайтам таксама стане зручней карыстацца праз смартфоны і планшэты. Стваральнікі абяцаюць, што дзецям будзе яшчэ цікавей авалодваць новымі ведамі і падарожнічаць па свеце юрыдычнай і прававой інфармацыі.


Опубликовано:
28 мая 2020
Просмотров:
4020
Категория:
Поделиться в соцсетях: