Сістэма адукацыі актыўна ўключана ў працэсы інфарматызацыі

Другая Міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» адкрылася ў Мінску. Арганізатары форуму — Міністэрства адукацыі і ГІАЦ Мінадукацыі. Галоўнымі інавацыйнымі партнёрамі з'яўляюцца Парк высокіх тэхналогій і IT-Academy.

ITE-2018

Другая Міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум

Форум закліканы спрыяць эфектыўнаму выкарыстанню і прасоўванню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, прыцягненню ўвагі грамадскасці да працэсу лічбавай трансфармацыі адукацыі, а таксама ўстанаўленню дзелавых кантактаў і пашырэнню міжрэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва адукацыі. Упершыню выстава-форум праходзіла ў Беларусі ў 2017 годзе і сабрала больш за 3 тысячы ўдзельнікаў.

Сістэма адукацыі актыўна ўключана ў працэсы інфарматызацыі. «Гаворка ідзе пра два важныя працэсы: інфарматызацыя ўсёй сістэмы адукацыі і яе лічбавая трансфармацыя. У першым выпадку мы гаворым перш за ўсё пра паказчыкі інфраструктуры, пра колькасць камп’ютараў на 100 навучэнцаў і колькасць устаноў, забяспечаных шырокапалосным інтэрнэтам. На сённяшні дзень больш за 90% устаноў адукацыі Беларусі маюць шырокапалосны доступ у інтэрнэт», — адзначыла першы намеснік міністра адукацыі  Ірына Анатольеўна Старавойтава.

Ірына Старавойтава - Павел Ліс

Ужо ў дашкольнай установе актыўна ажыццяўляюцца працэсы інфарматызацыі і ўкаранення новых тэхналогій. «Сёння пытанні інфарматызацыі важныя нават для арганізацыі гутаркі з дзіцем, абмеркавання літаратуры, зразумела, у адпаведнасці з яго ўзростам», — адзначыла першы намеснік міністра. Ірына Старавойтава дадала, што не менш актуальным з’яўляецца ўменне навучэнцаў узаемадзейнічаць у інфармацыйным грамадстве. «Тут важны выхаваўчы момант, паколькі вялікі доступ да інфармацыі азначае, што наша моладзь павінна ўмець аналізаваць гэтую інфармацыю, умець працаваць з ёй, думаць актуальна. Гэта ўсё сістэмныя пытанні», — падкрэсліла яна.

ІI Міжнародную спецыялізаваную навукова-тэхнічную выставу-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» могуць наведаць больш за 5 тысяч удзельнікаў. Пра гэта паведаміў дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс.

Павел ЛІС

«Па нашых прагнозах, форум будзе масавым. Ужо на сённяшні дзень больш за 3 тысяч зарэгістраваных — гэта толькі праз інтэрнэт. Шмат хто праходзіць рэгістрацыю непасрэдна на мерапрыемстве», — паведаміў Павел Ліс.

Акрамя таго, Павел Анатольевіч сказаў, што на форуме будуць абмяркоўвацца глабальныя праблемы сістэмы адукацыі. «Будзе весціся размова аб стане сістэмы адукацыі, пра тое, з якімі праблемамі мы можам сутыкнуцца ў будучыні і як іх вырашаць. Разам з міжнароднымі спікерамі, вядучымі экспертамі з тэлекамунікацыйных і IT-кампаній мы абмяркуем пытанні, як з дапамогай тэхналогій змяніць адукацыю і як нам у гэтым плане ўпісацца ў сусветную сістэму адукацыі», — адзначыў дырэктар цэнтра.

Павел Ліс падкрэсліў, што мэтай форуму з’яўляецца папулярызацыя інфармацыйных тэхналогій і лічбавай трансфармацыі. «Мы спрабуем стварыць лічбавую культуру сярод педагагічнай, экспертнай супольнасці, матываваць навучэнцаў быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтых працэсаў», — падкрэсліў ён.

Форум можна наведаць у Мінску (праспект Пераможцаў, 20) з 28 па 30 лістапада. На працягу трох дзён на пяці пляцоўках будуць працаваць 72 спікеры, 12 экспанентаў і тысячы ўдзельнікаў. Для сумеснай працы і дыскусій прапануюцца пяць тэматычных напрамкаў: інтэграцыя Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя з еўрапейскімі навукова-адукацыйнымі сеткамі, інфраструктура сістэмы адукацыі ў інфармацыйным грамадстве, інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі на аснове выкарыстання ІКТ, робататэхніка ў сістэме сучаснай адукацыі, інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, развіццё кампетэнцый педагога ва ўмовах лічбавай эканомікі, анлайн-школы і курсы (новы погляд на дыстанцыйную адукацыю).

Вольга ДУБОЎСКАЯ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі
(фота аўтара і БЕЛТА)

Опубликовано:
29 ноября 2018
Просмотров:
1180
Категория:
Поделиться в соцсетях: