У тэсты вяртаюцца заданні пятага ўзроўню складанасці

Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену пройдзе ў Беларусі 27 студзеня 2024 года. Для гэтага вызначаны 144 пункты правядзення ЦЭ. У рэпетыцыі возьмуць удзел больш як 58 тысяч выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што на 5 тысяч больш у параўнанні з папярэднім годам. Рэгістрацыя, падвоз і суправаджэнне дзяцей педагагічнымі работнікамі, а таксама кантроль у пунктах правядзення экзамену будуць арганізаваны ў поўнай адпаведнасці з інструкцыяй.

ЦТ

Рэпетыцыя ЦЭ пройдзе па тых жа правілах, што і цэнтралізаваны экзамен у маі бягучага года. Плануецца, што праверка работ зойме два тыдні, а ў трохтыднёвы тэрмін усе вынікі будуць даведзены да ўдзельнікаў.

Адметнасцю рэпетыцыі ЦЭ ў студзені стане тая акалічнасць, што яна пройдзе па ўсіх прадметах, уключаючы дзяржаўную мову – беларускую або рускую. Папярэдняя рэпетыцыя праходзіла толькі па прадмету на выбар без дзяржаўнай мовы, якая з’яўляецца на ЦЭ абавязковай. На гэты раз выпускнікі змогуць выбраць у тым ліку адну з дзяржаўных моў або іншы прадмет на выбар.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец праінфарміраваў, што пры правядзенні этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання, а таксама на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць выкарыстаны тэсты з заданнямі пятага ўзроўню складанасці. «Гэта зроблена для таго, каб прывесці ў поўную адпаведнасць крытэрыі ацэнкі ў школе да крытэрыяў ацэнкі на цэнтралізаваным экзамене, які з’яўляецца выніковай формай атэстацыі выпускнікоў», – патлумачыў Міністр.

Кіраўнік адукацыйнага ведамства падкрэсліў, што вынікі рэпетыцыі ЦЭ ні на што не паўплываюць. Рэпетыцыя праводзіцца для таго, каб выпускнікі 11-х класаў змаглі прайсці поўную працэдуру іспыту, пачынаючы з прыезду і падвозу (для тых хлопцаў і дзяўчат, якія знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах), атрымаць навыкі запаўнення бланкаў. Таксама гэта добрая магчымасць праверыць свае сілы, таму што структура і складанасць тэстаў пры правядзенні рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць поўнасцю адпавядаць структуры і складанасці тэстаў, якія прапануюць пры правядзенні як ЦЭ, так і ЦТ у гэтым навучальным годзе.

«Акрамя таго, пераводныя шкалы як першасных балаў у тэставыя, так і тэставых – у дзесяцібальную ацэнку будуць выкарыстоўвацца тыя ж, што выкарыстоўваліся пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ў мінулым навучальным годзе. Яны апублікаваныя, знаходзяцца ў свабодным доступе і змяняцца не будуць», – дадаў Андрэй Іванец. На сайце Міністэрства адукацыі таксама размешчаны пералік пытанняў для абітурыентаў, якія будуць паступаць на мэтавую форму падрыхтоўкі спецыялістаў.

Плануецца, што цэнтралізаваны экзамен у гэтым навучальным годзе пройдзе 27 і 30 мая.

Опубликовано:
28 ноября 2023
Просмотров:
654
Категория:
Поделиться в соцсетях: