ЮНІСЕФ правёў даследаванне аб стаўленні беларусаў да дзяцей з інваліднасцю

Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь правёў даследаванне наконт стаўлення грамадства да пытанняў дзіцячай інваліднасці і падтрымкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх сем’яў. Даследаванне апублікавана да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму і праводзілася ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Проста дзеці», якая рэалізуецца Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) і Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Урада Расійскай Федэрацыі.

Згодна з вынікамі даследавання, большасць рэспандэнтаў (64 %) асацыюіруюць дзяцей з інваліднасцю з негатыўнымі эмоцыямі (жаль, спагада, спачуванне, смутак, боль), і толькі ў 4 % апытаных узнікаюць станоўчыя асацыяцыі (добразычлівасць, аптымізм, павага, дабрыня, жыццярадаснасць, стаўленне як да звычайных дзяцей). Таксама была выяўлена заканамернасць: чым старэйшы рэспандэнт, тым большая доля асацыяцый з негатыўнай эмацыйнай афарбоўкай у адносінах да дзяцей з інваліднасцю і меншая – з нейтральнай.

Пераважная большасць рэспандэнтаў (94 %) згодны са сцвярджэннем, што дзеці з інваліднасцю павінны быць часткай грамадства і іх не трэба хаваць. Аднак з выказваннем, што яны павінны вучыцца ў агульнаадукацыйных школах разам з іншымі дзецьмі, пагадзіліся толькі 63 % рэспандэнтаў.

Доля апытаных (37 %) адзначылі, што яны нічога не ведаюць пра дзяцей з інваліднасцю і таксама не ведаюць, як сябе паводзіць пры сустрэчы з імі. Гэта паказвае важнасць павышэння ўзроўню ведаў насельніцтва Беларусі пра тое, будаваць паводзіны і камунікацыю ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю.

Таксама ў рэспандэнтаў быў выяўлены ўзровень дасведчанасці па ключавых пытаннях інфармацыйнай кампаніі «Проста дзеці». Яны ўключаюць разуменне паняцця «інваліднасць», ладу жыцця дзяцей з інваліднасцю, неабходнасці іх сацыялізацыі, а таксама пытанні льгот, дапамогі i правоў дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх сем’яў. Па ўсіх ключавых пытаннях праекта ўзровень дасведчанасці назіраецца сярэдні ці ніжэйшы за сярэдні. Паводле дадзеных, насельніцтва менш за ўсё валодае інфармацыяй аб паслугах ранняга ўмяшання і развіцця дзяцей, а таксама аб правах дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў.

У заключнай частцы даследавання рэспандэнты адказвалі на пытанні пра тое, як, на іх думку, СМІ падаюць інфармацыю пра дзяцей з інваліднасцю, а таксама пра каналы, па якіх яны атрымліваюць інфармацыю па пытаннях дзіцячай інваліднасці. На думку большасці рэспандэнтаў (62 %), інфармацыя пра дзяцей з інваліднасцю ў СМІ і іншых крыніцах утрымлівае нейтральны кантэкст, а 22 % лічаць, што ў беларускай медыяпрасторы гэта тэма асвятляецца хутчэй пазітыўна. Часцей за ўсё апытаныя атрымліваюць інфармацыю аб дзіцячай інваліднасці праз такія каналы, як сацыяльныя сеткі і тэлебачанне.

Даследаванне праводзілася ў сакавіку 2020 года і ўяўляла анлайн- апытанне, у якім бралі ўдзел 1000 паўналетніх рэспандэнтаў. Сярод іх прапарцыянальна прадстаўлены жыхары ўсіх абласцей Беларусі, мужчынскага і жаночага полу і ўсіх узроставых груп. Азнаёміцца з поўным зместам даследавання можна, перайшоўшы па спасылцы.

Даведка

Інфармацыйная кампанія «Проста дзеці» накіравана на зніжэнне стыгмы ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў. Кампанія стартавала 3 снежня 2019 года і рэалізуецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка інваліднасці і сацыяльная інтэграцыя дзяцей з інваліднасцю і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь». Асноўнымі мэтамі інфармацыйнай кампаніі з’яўляюцца: павелічэнне ведаў ключавых груп насельніцтва па пытаннях, звязаных з дзіцячай інваліднасцю, умацаванне разумення важнасці сямейнага акружэння для дзяцей з інваліднасцю і існуючых магчымасцей падтрымкі для такіх сем’яў, а таксама фарміраванне пазітыўнага стаўлення ў грамадстве да дзяцей з інваліднасцю, уключэнне ва ўсе сферы жыцця грамадства кожнага дзіцяці незалежна ад яго магчымасцей і рэалізацыя правоў дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў у адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі аб правах дзіцяці і Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю.

Опубликовано:
1 апреля 2020
Просмотров:
15671
Категория:
Поделиться в соцсетях: